Fitch захоўвае негатыўны прагноз па банкаўскім сектары Беларусі



Негатыўны націск на банкаўскі сектар Беларусі ў 2017 годзе ў сувязі з сітуацыяй у эканоміцы захаваецца. Такі прагноз прыводзіцца ў аглядзе банкаўскага сектара краін СНД і Грузіі, які падрыхтавалі аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings.

эканоміка

„Мы захоўваем негатыўны прагноз па банкаўскім сектары Беларусі. Мы чакаем, што націск на сектар на працягу 2017 года захаваецца, і ён будзе абумоўлены рэцэсіяй апошніх двух гадоў і наступствамі дэвальвацыі нацыянальнай валюты”, — лічаць аналітыкі Fitch.

Пры гэтым яны чакаюць, што рэцэсія, якая негатыўна ўплывае на банкі, захаваецца і ў наступным годзе. Паводле прагнозу экспертаў рэйтынгавага агенцтва, у 2016 годзе ВУП Беларусі скароціцца на 2,7%, у 2017-м — на 0,3%.

Такая эканамічная дынаміка прывядзе да таго, што крэдытны партфель беларускіх банкаў не будзе расці ў 2017 годзе, мяркуюць аўтары агляду.

„Мы чакаем, што рост крэдытавання (за вылікам якіх-небудзь эфектаў валютнага курса) будзе блізкім да нуля ў 2017 годзе”, — лічаць аналітыкі Fitch Ratings. На іх думку, нулявы рост крэдытнага партфеля банкаў стане следствам складанай сітуацыі ў эканоміцы і нізкай якасці актываў.

У 2016 годзе доля праблемных актываў беларускіх банкаў павялічылася больш як удвая, нагадваюць эканамісты Fitch. „Прыблізна 70% праблемных крэдытаў сфармаваныя дзяржаўнымі банкамі, што адлюстроўвае іх высокую долю ў сектары (на іх прыпадае больш за 60% актываў), а таксама іх значны ўдзел у мінулым у крэдытаванні дзяржаўных праграм, якія цяпер фінансуюцца праз Банк развіцця”, — гаворыцца ў аглядзе.

Пры гэтым прадстаўнікі Fitch прагназуюць, што праблемныя актывы ў банкаўскай сістэме Беларусі будуць працягваць расці. „Мы чакаем, што тэндэнцыя пагаршэння якасці актываў будзе доўжыцца на працягу 2017 года, бо крэдытныя рызыкі застаюцца высокімі”, — адзначаюць аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва.