Fitch змяніў прагноз па рэйтынгах Беларусі са „стабільнага” на „пазітыўны”
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings змяніла прагноз па суверэнных рэйтынгах Беларусі са „стабільнага” на „пазітыўны”. Доўгатэрміновыя рэйтынгі ў замежнай і нацыянальнай валюце агенцтва пакуль захоўвае на ўзроўні „B-„.
Як паведамляе Fitch Ratings, перагляд прагнозу адлюстроўвае паляпшэнне доступу Беларусі „да знешняга фінансавання і павелічэнне міжнародных рэзерваў”, што, на думку аналітыкаў агенцтва, скараціла фінансавыя рызыкі Беларусі ў 2017—2018 гадах.
Эксперты агенцтва нагадваюць, што размяшчэнне еўрабондаў спрыяла павелічэнню золатавалютных рэзерваў Беларусі да 6,6 млрд долараў.
Аналітыкі Fitch Ratings адзначаюць, што патрэбы Беларусі ў знешнім фінансаванні ў адносінах да золатавалютных рэзерваў скараціліся з 223% у 2014 годзе, але ўсё яшчэ застаюцца высокімі і складаюць 141%.
Акрамя гэтага, аналітыкі рэйтынгавага агенцтва тлумачаць паляпшэнне прагнозу па суверэнных крэдытных рэйтынгах Беларусі тым фактам, што эканоміка краіны паступова аднаўлялася, хоць раней Fitch прагназаваў працяг рэцэсіі.
„Мы чакаем, што беларуская эканоміка вырасце на 0,5% у 2017 годзе (у адрозненне ад папярэдняга прагнозу — зніжэнне на 1%) і ў 2018—2019 гадах павялічыцца на 1,3 і 1,8% адпаведна”, — гаворыцца ў паведамленні Fitch Ratings.
На думку аналітыкаў агенцтва, аднаўленне беларускай эканомікі абумоўленае паляпшэннем вонкавага попыту на беларускую прадукцыю ў Расіі. Пры гэтым эксперты Fitch падкрэсліваюць, што „дасягненне ўстойлівага эканамічнага росту пры адсутнасці прагрэсу на парадку дня структурных рэформаў, верагодна, будзе няпростым”.
Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва канстатуюць, што беларускія ўлады прыпынілі перамовы з Міжнародным валютным фондам, які настойвае на правядзенні структурных рэформаў у эканоміцы Беларусі.
„Абмеркаванне з МВФ новай крэдытнай праграмы не прывяло да істотнага прагрэсу па ключавых момантах спрэчкі (рэформе сектара дзяржпрадпрыемстваў і камунальных паслуг) з-за іх палітычнай уразлівасці”, — лічаць аналітыкі Fitch Ratings.
Яны чакаюць, што Беларусь, нягледзячы на адсутнасць праграмы з МВФ, будзе працягваць спраўна плаціць па даўгах за кошт накіравання на гэтыя мэты прафіцыту бюджэту.
БелаПАН