Фізічныя асобы ўвезлі ў Беларусь больш за 70 тыс. аўто, з іх новых – 25 тыс.



Ніколі раней аўтадылеры не сутыкаліся з праблемай шэрага ўвозу ў такім маштабе, – кажа старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч. Афіцыйная статыстыка сведчыць пра тое, што фізічныя асобы ўвезлі ў краіну больш за 70 тысяч аўто. З іх новых аўтамабіляў увезена каля 25-ці тысяч. Гэта аб’ёмы, практычна роўныя продажам афіцыйных дылераў летась.

«Мы ўбачылі, наколькі ў адкрытай з Расеяй эканоміцы безабаронныя нашы рынкі», – адзначае спецыяліст:

– І рынак Беларусі, і рынак Казахстана… Калі здарылася дэвальвацыя расейскага рубля, калі меры, прынятыя ўрадам супраць імпрацёраў у нашай краіне прывялі да таго, што аўтадылеры не змаглі забяспечыць ценавыя прапановы на рынку нашай краіны, адэкватныя тым цэнам, якія былі на рынку Расейскай Федэрацыі.

„Мы прапануем ураду спыніць барацьбу з імпарцёрамі аўтамабіляў, прынамсі, каб нам не перашкаджалі. Дапамогі мы не чакаем», – працягвае Сяргей Міхневіч:

– Мы просім ва ўрада даць афіцыйным аўтамабільным дылерам, імпарцёрам, працаваць у нармальных эканамічных умовах, не ўводзіць у дзеянне нормы 361-га загада зноў, які быў у сіле да канца снежня мінулага году. Мы просім выраўняць утылізацыйны збор для юрыдычных і фізічных асоб, які сёння таксама робіць няроўнымі ўмовы гаспадарання нашых суб’ектаў. Мы просім абмежаваць увоз аўтасмецця ў краіну.

«Мы гаворым пра тое, што аўтамабільны рынак Беларусі безабаронны сёння як для аўтадылераў, так і для наяўных тут вытворчасцяў”, – адзначыў старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.