Форум прадпрымальнікаў запланаваны на 16-га лютага
Чарговы Форум прадпрымальнікаў запланаваны на 16-га лютага. Ён пройдзе пад назвай „Мэты і задачы для малога бізнесу Беларусі”, а сярод галоўных праблемаў там абмяркуюць абавязак індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца рознічным гандлем, мець сертыфікаты на ўвесь тавар.
Гэты абавязак цяпер дзейнічае часткова, толькі на тавары, увезеныя з ліпеня 2014 года, аднак з першага сакавіка ніякіх выняткаў не будзе.
Пра форум расказвае яго арганізатар, лідар грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка:
– Прыедуць рэгіёны, прыедуць актыўныя прадпрымальнікі. Мы будзем абмяркоўваць нашыя праблемы, у нас ёсць план, мы ведаем, што робім. І вось тое, што прагучала з боку чыноўнікаў, што ўжо разглядаецца пытанне рэшткаў, працягнення – гэта ўжо першы вынік рэакцыі на наша мерапрыемства. Таму наша задача хутка вырашыць пытанне рэшткаў, каб прадпрымальнікі 1-га сакавіка не падыйшлі, як да краю прорвы, а пасля пачынаць вырашаць пытанні дакументаў на тавар і сертыфікатаў.
Арганізатары Форуму прадпрымальнікаў запрасілі на яго кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Косінца, а таксама першага віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага, прадстаўнікоў Савету міністраў, Міністэрстваў гандлю ды эканомікі, ды іншых ведамстваў.
Беларускае Радыё Рацыя