Фядыніч: Па пытанні беспрацоўя варта правесці грамадскія слуханні



“Нельга дзяліць людзей на тых, хто сёння згубіў працу і тых, хто згубіць заўтра”, – кажа прафсаюзны актывіст Генадзь Фядыніч.

фядыніч

Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна падчас сустрэчы кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу заявіла, што дапамогу па беспрацоўі могуць павысіць у тым выпадку, калі «ўзнікне сітуацыя, калі ліквідуюцца прадпрыемствы».

“Ніколі не будзе шаблоннага рашэння: «Давайце павысім дапамогу па беспрацоўі ў гэтулькі раз», – сказала спадарыня Шчоткіна. – Сёння дапамога па беспрацоўі — да двух базавых велічынь. Але трэба мець на ўвазе: калі чалавек зарэгістраваны беспрацоўным, ён мае права на адрасную сацыяльную дапамогу. Яму належыць даплата да бюджэту пражытковага мінімуму. Але мы сёння павінны быць гатовыя да рознага развіцця падзей. У нас сёння няма сітуацыі, калі ліквідуюцца прадпрыемствы, але калі раптам яна з’явіцца, дапамога па беспрацоўі будзе значна павялічана”.

Генадзь Фядыніч: Мне зусім не зразумела, у якой залежнасці павінны знаходзіцца памер па беспрацоўю і ліквідацыя прадпрыемстваў. Сёння ў краіне ёсць беспрацоўе, гэтая з’ява ў нас ў апошнія час павялічваецца. Дык якое мае дачыненне той рабочы, які, скажам, праз тры месяцы стане беспрацоўным да сёняшняга беспрацоўнага? Ніякага. Усе яны павінны быць у аднолькавай сітуацыі. Той беспрацоўны, які стаў сёння на біржу працы, павінен атрымліваць выплаты на 2-3 месяцы (колькі ён будзе перавучвацца і шукаць працу). Але гэта павінна быць аднолькава для ўсіх беспрацоўных. Пры чым тут ліквідацыя прадпрыемстваў? Нельга дзяліць людзей на тых, хто сёння згубіў працу і тых, хто згубіць заўтра.

РР: Неяк вы казалі, што Міністэрству працы і сацыяльнай абароны патрэбна не толькі змяняць статус, а само існаванне службаў занятасці насельніцтва…

Генадзь Фядыніч: Я і зараз так мяркую, бо не бачу дзяржаўнай праграмы перанавучэння. Трэба было б дакладна вызначыцца і ведаць, колькі на гэты момант патрэбна спецыялістаў, якіх трэба перавучыць, і ў якой галіне. Нам можа і гастарбайтэры не патрэбны, сваіх бы людзей уладкаваць на працу. Мабыць, нам не патрэбны і так званыя “звязаныя” кітайскія крэдыты. Атрымліваецца, што кітаўцам мы будзем даваць працу, аддаваць ім крэдыты, а затым яшчэ і адсоткі зверху. Паўтаруся, пакуль няма зразумелай праграмы для грамадзян, якія страчваюць працу. Дзеля гэтага можна было б нават грамадскія слуханні правесці.  

РР: У дзяржавы, можа быць, і на самай справе няма грошай, каб павышаць дапамогу па беспрацоўі?

Генадзь Фядыніч: Калі няма, то трэба разам шукаць шляхі выхаду. Няхай прадпрыемствы шукаюць інвестараў, калі самі нічога не могуць талковае зрабіць. Калі чыноўнікі не ўмеюць працаваць, то чаму тады ў іх высокія заробкі? І гэта ў той час, як многія людзі з-за такіх чыноўнікаў наогул застаюцца без працы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя