Галоўчанка чакае ад Расеі 1,5 млрд даляраў крэдыту



Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 9 жніўня на паседжанні Саўміна пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі агучыў суму крэдыту, якую ўрад Беларусі жадае атрымаць ад Расеі – 1,5 млрд даляраў.

У выніковы прэс-рэліз аб паседжанні, прысвечаным функцыянаванню эканомікі ва ўмовах санкцый і мерам па іх пераадоленні, фраза пра 1,5 млрд даляраў не ўвайшла, аднак газета Адміністрацыі прэзідэнта «СБ. Беларусь сегодня» дала поўную цытату прэм’ера:

«Вызначана 14 плюс 9 праектаў. На дадзены момант на фінальнай стадыі знаходзіцца праект пагаднення выдзялення крэдыту з расейскім бокам на суму паўтара мільярда даляраў. Да канца года будуць пачаты 7 праектаў, прызнаных бакамі тэрміновымі, на суму 330 мільёнаў даляраў. Праекты накіраваны на імпартазамяшчэнне ў Саюзнай дзяржаве. У цэлым па ўсіх напрамках патэнцыял імпартазамяшчэння саюзнага рынку складае 40 мільярдаў даляраў».

Галоўчанка ўдакладніў, што першыя 7 праектаў будуць у сферы вытворчасці светлавога абсталявання, камплектуючых для машынабудавання. Размова таксама можа ісці пра імпартазамяшчэнне ў фармацэўтыцы і хімічнай прамысловасці.

reform.by