Галоўчанка і Мішусцін абмеркавалі рэалізацыю пагаднення аб перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў
„Актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў розных галінах” абмеркавалі па тэлефоне кіраўнікі ўрадаў Расеі Міхаіл Мішусцін і Беларусі Раман Галоўчанка, паведаміла прэс-служба расейскага кабінета.
„Асаблівая ўвага была нададзеная рэалізацыі міжурадавага пагаднення аб перавозцы і перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў, прызначаных для пастаўкі на экспарт праз марскія парты Расейскай Федэрацыі, падпісанага 19 лютага 2021 года ў Маскве”, — адзначаецца ў рэлізе.
Акрамя таго, бакі „абмяняліся меркаваннямі аб сумесных мерах па супрацьдзеянні каронавірусной інфекцыі” і „закранулі графік найбліжэйшых кантактаў на ўрадавым узроўні”.
Размова адбылася напярэдадні сочынскай сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі (22 лютага). Як паведаміла ў анонсе прэс-служба Крамля, „маецца на ўвазе абмеркаваць ключавыя пытанні развіцця расейска-беларускіх адносін стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва”, „асаблівую ўвагу плануецца надаць буйным сумесным праектам у гандлёва-эканамічнай, энергетычнай і культурна-гуманітарнай галінах, а таксама далейшаму прасоўванню інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы”.
Раней Масква прапанавала Менску пераарыентаваць экспартныя патокі нафтапрадуктаў з Балтыі на свае парты.