Галоўчанка: Мы нанялі сусветную кансалтынгавую кампанію для „Белшыны”
Па выніках паездкі ў Магілёўскую вобласць Раман Галоўчанка распавёў аб стратэгіі развіцця ААТ «Белшына» да 2026 года і Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку, паведамляе прэс-служба прэм’ер-міністра Беларусі.
– Мы прынялі рашэнне аб тым, што неабходна распрацаваць стратэгію развіцця «Белшыны», яшчэ ў кастрычніку. І за гэты час была праведзена вялікая праца. Мы вырашылі сур’ёзна падысці да гэтага пытання: нанялі адну з найбуйнейшых сусветных кансалтынгавых кампаній, якія маюць кампетэнцыі менавіта ў гэтым сектары прамысловасці. Увесь гэты час каманда разам з прадстаўнікамі прадпрыемства распрацоўвалі стратэгію. Мы лічым, што па-іншаму выйсці з досыць няпростага фінансавага становішча, у якое патрапіла «Белшына» ў сілу шэрагу прычын, напэўна, немагчыма, – сказаў Галоўчанка.
Ён адзначыў, што ўрад не проста спадзяецца на экспертызу, а глыбока прапусціў яе праз рэаліі прадпрыемства. І сёння стратэгія ў цэлым была адобрана.
– Гэта той шлях, які дазволіць планава будаваць працу на пяцігадовым гарызонце праз рэалізацыю шэрагу кіраўнічых рашэнняў, якія будуць пранізваць усю сферу: ад планавання вытворчасці да маркетынгу і збыту. Таму мы думаем, што гэта менавіта тое рашэнне, якое ў сукупнасці з іншымі мерамі дзяржаўнай падтрымкі дапаможа вырашыць галоўную праблему прадпрыемства – зніжэнне даўгавой нагрузкі і выхад на максімальную вытворчую магутнасць пасля рэалізаваных інвестпраектаў, – дадаў ён.