Галоўчанка распавёў пра „поспехі” луканомікі



Аляксандр Лукашэнка напярэдадні прыняў з дакладам прэм’ер-міністра краіны Рамана Галоўчанку. І калі сам кіраўнік дзяржавы абураўся паводзінамі еўрапейцаў і амерыканцаў, то паводле Галоўчанкі ў цэлым усё добра, калі казаць пра эканоміку. Сустрэчу каментуе Яна Запольская.

Эканоміка Беларусі нават расце і за першы квартал выйшла на “траекторыю ўстойлівага росту, што надае асцярожнага аптымізму”, – заявіў прэм’ер краіны Раман Галоўчанка падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку. Вакол – адзін пазітыў: прамысловасць вырасла на дзевяць працэнтаў, прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі – на 30 працэнтаў, даходы насельніцтва сталі большымі амаль на 5,5 працэнтаў, а пенсіі – амаль на 3,5. Усё гэта ды многае іншае, на думку, прэм’ера, сведчыць пра тое, што эканоміка працуе эфектыўна. Хоць нейкія людзі, якія “не вельмі глыбока разбіраюцца ў сітуацыі і праследуюць дэструктыўныя мэты, спрабуюць выклікаць недавер да эканамічнай сітуацыі ў краіне і дзеянняў уладаў”, – пажаліўся Галоўчанка. Але справа ў тым, што гэтыя “нейкія людзі” – акурат дасведчаныя. Возьмем да прыкладу сітуацыю з пастаўкамі расейскай сыравіны на “Нафтан”, які трапіў пад амерыканскія санкцыі. Галоўчанка кажа, што пастаўкі адбываюцца штатна і спакойна, як і планавалася, а нішавыя расійскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што Міністэрства энергетыкі Расеі зацвердзіла майскую пастаўку нафты на беларускі “Нафтан” у памеры 50-ці тысяч тон, гэтага можа не хопіць нават на падтрымку заводскага цыклу. Прычына — адмова буйных расейскіх кампаній пастаўляць нафту на прадпрыемства з амерыканскага санкцыйнага спісу. Агулам пастаўкі нафты ў Беларусь скароцяцца ў траўні больш, чым у два разы.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу быў менш талерантным. “Апошнія мярзотнікі гэтыя еўрапейцы і амерыканцы. Яны ж нічым не дапамаглі нам абсалютна. Хоць і СААЗ, ААН і пастаянна заяўляюць, што трэба падтрымаць некага ды іншае. Ну не дапамаглі, і не трэба — не просім мы іх”, – заявіў Лукашэнка, папракнуўшы Еўразвяз і ЗША ў тым, што яны кінулі Беларусь у змаганні з каранавірусам. Журналісты Tut.by патэлефанавалі адразу ў прадстаўніцтва ЕЗ у нашай краіне, і дазналіся, што між іншым у рамках праекта “Салідарнасць у імя здароўя” на набыццё для Беларусі сродкаў індывідуальнай абароны, лячэбнага і дыягнастычнага абсталявання за год выдаткавалі 3,8 млн даляраў. І дапамогу абяцаюць працягваць. Абурыўся Лукашэнка і наконт еўрапейскіх санкцый. “Калі еўрапейцы хочуць праблем у сябе, у сувязі з гэтымі санкцыямі, яны іх атрымаюць. Лукашэнка папрасіў Галоўчанку даць яму інфармацыю “пра найбольш буйныя еўрапейскія праекты ў нашай краіне і пра прадпрыемствы, якія створаны на тэрыторыі Беларусі”. “Паглядзім на іх працу”, — адзначыў ён. І дадаў: “Але галоўнае — без адказу нічога не павінна заставацца”.

І што тут дадаць… Гэтыя адказы ўладаў Беларусі пакуль што нагадваюць пілаванне галіны, на якой яны самыя і сядзяць. А можа гэта і добра?

Беларускае Радыё Рацыя