Галоўныя наведнікі аграсядзібаў Гарадзеншчыны – жыхары Беларусі
На Гарадзеншчыне паслугамі аграсядзібаў у абсалютнай большасці карыстаюцца жыхары Беларусі. Паводле дадзеных абласной інспекцыі міністэрства падаткаў, з больш як 64-ох тысяч наведнікаў аграсядзібаў, амаль 60 тысяч – суайчыннікі. Сярод замежных турыстаў аграсядзібы наведваюць пераважна расейцы, што да заходніх турыстаў, то іх у першую чаргу не задавальняе сэрвіс, які, на думку намесніка старшыні абласнога аддзялення «Рэспубліканскага турысцка-спартовага саюзу» Сяргея Каляды, патрабуе значных інвестыцый.
– Нельга каб бізнэс працаваў без грошай, без ініцыятыўных людзей, без ініцыятыўных ідэяў. Таму што інвестар, або інвестыцыі – гэта заўжды вялікая праца. Улічваюцца рызыкі, пралічваецца бізнэс-план.
У галіне аказання агра-турыстычных паслугаў на Гарадзеншчыне дзейнічае больш за 280 гаспадарак. Статыстыка сведчыць пра тое, што іх колькасць павялічваецца, як і прыбытак ад дзейнасці, штогадовая сума якога перавышае 800 тысяч даляраў і ўзрастае з кожным годам на чвэрць.
Беларускае Радыё Рацыя