Гандаль з Расеяй і Кітаем — мінус на 10,5 млрд USD



Гандаль з найбліжэйшымі краінамі-партнёрамі — Расеяй ды Кітаем — прынёс Беларусі і найбольшыя страты.

У Беларусі падвялі вынікі замежнага гандлю таварамі за 2021 год. Сальда паставак з Расеі і КНР пагоршылася на 4, 2 млрд USD да папярэдняга года, паведамляе сайт banki24.by.

Знешні гандаль Беларусі з іншымі краінамі складаецца з экспарту і імпарту. Калі імпарт большы за экспарт, утвараецца негатыўнае (адмоўнае) сальда знешняга гандлю.

Расія і Кітай уваходзяць у топ асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Па выніках 2021 года РФ заняла першае месца па абароце тавараў з РБ, а КНР – трэцяе месца.

У 2021 годзе найбольшае негатыўнае сальда таварнага гандлю ўтварылася з Расіяй — мінус 7,268 млрд USD. Па параўнанні з 2020 годам памер сальда для Беларусі пагоршыўся на 3,9 млрд USD.

Падзенне балансу гандлю з Расіяй адбылося за кошт апераджальнага росту імпарту тавараў з РФ. Паводле звестак Белстата, за 2021 год расійскі імпарт падскочыў на 43,3%, а беларускі экспарт вырас на 24,6%.

У 2021-м на кожныя 100 USD імпарту з Расіі беларусы адказвалі экспартнымі пастаўкамі ў РФ толькі на 69,3 USD. У 2020 годзе суадносіны імпарту і экспарту былі вышэйшыя для Беларусі – 100 USD на 79,7 USD.

Такім чынам, за 2021 год павялічыўся дысбаланс у таварным гандлі з Расіяй у параўнанні з 2020-м. І гэта наўрад ці добры знак, бо РФ адначасова выступае крэдыторам РБ — наўпрост і праз Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця. Удзельная вага Расіі ў таварным гандлі Беларусі вельмі вялікая. За 2021 год яна склала 49%, што больш за сукупную долю ўсіх астатніх краін са спісу топ-100 партнёраў РБ (48,1%).

Залежнасць у таварным гандлі ад РФ крыху вырасла адносна 2020 года (у 2020-м доля Расіі была роўная 47,9)

Адзначым таксама, што экспарт нафтапрадуктаў у ЕС і Украіну па сутнасці выступае першай вытворнай ад імпарту расійскай нафты. Калі не будзе вялікіх паставак сыравіны з РФ, згасне і вуглевадародны экспарт на поўдзень і захад.

Адносны дысбаланс ў таварным гандлі Беларусі з Кітаем яшчэ глыбей. За 2021 адмоўнае сальда гандлю з КНР дасягнула 3,203 млрд USD. У 2021-м у разліку на 100 USD імпарту ў Кітай паступала ўсяго 21,3 USD беларускага экспарту.