Гарадзеншчына хоча пашырыць супрацу з ЕЗ
Гарадзеншчына мае намер істотна пашырыць супрацу з Еўразвязам у межах атрымання міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Прынёманскі рэгіён традыцыйна супрацоўнічае з такімі краінамі, як Польшча, Літва, Латвія і Украіна. Толькі ў межах рэалізацыі праектаў праграмы транспамежнай супрацы “Польшча – Україна – Беларусь”, якая разлічана да 2020 года, Гарадзенская вобласць можа атрымаць прыкладна 50 мільёнаў еўра. Як зазначае намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна-спартыўнагы саюз” Сяргей Каляда, дзясяткі людзей у рэгіёне дзякуючы рэалізацыі праектаў навучыліся працаваць паводле еўрапейскіх умоваў і спрабуюць карыстацца фінансавай дапамогай самастойна:
– Нездарма гэтыя праекты называюцца праектамі тэхнічнай дапамогі. То бок табе дапамагаюць даведацца пра новыя методыкі, новыя кірункі. Я б не сказаў, што мы нічога не ведаем, што нам трэба ўсяму вучыцца. Некаторыя рэчы пераймаюць у нас і польскія, і літоўскія калегі.
Найбольш эфектыўна праграмы транспамежнай супрацы рэалізоўваюцца ў такіх галінах, як развіццё турыстычнай інфраструктуры, набыццё медыцынскага абсталявання для шпіталяў Гарадзеншчыны і паляпшэнне памежных камунікацыяў. На праграмы транспамежнай супрацы Гарадзеншчына мае больш за сто прапановаў для супольнай рэалізацыі з краінам-суседкамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
