Гарадзеншчына мае намер адысці ад расейскага рынку
Дыверсіфікацыя знешнеэканамічнай дзейнасці стане галоўным кірункам развіцця Гарадзенскай вобласці ў 2016 годзе. Кіраўніцтва рэгіёна мае намер адысці ад расейскага рынку і прасоўваць свае тавары ў краіны Заходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Цяперашняя залежнасць ад расейскага рынку, куды экспартуецца больш за 50% прадукцыі, прывяла да таго, што ў грашовым эквіваленце Гарадзенская вобласць страціла 25% экспарту ў параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі.
Менавіта продаж тавараў па-за межы краіны, па словах старшыні абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Краўцова, з’яўляецца галоўным кірункам у эканамічным развіцці рэгіёна:
– Для нас гэта вельмі важна. Мы мусім прысутнічаць на ўсіх знешніх рынках і прадаваць усё, што вырабляем. Сальда ў нас станоўчае.
Сярод патэнцыйных эканамічных партнёраў найбольшыя перспектывы для гарадзенскіх уладаў уяўляюць такія краіны як Кітай і Казахстан. Менавіта з імі Прынёманскі рэгіён мае намер усталяваць найбольш шчыльныя сувязі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня