Гарадзеншчына за паўгода зарабіла на турыстах 6 млн долараў
За шэсць месяцаў 2018 года турыстычны паток у Гарадзенскую вобласць вырас на 20%, паведаміў Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.
За першае паўгоддзе рэгіён наведалі звыш 132 тысяч турыстаў, з якіх больш за 45 тысяч — замежнікі. Экспарт турыстычных паслуг за гэты час склаў прыблізна 6 млн долараў, або 120% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.
Паводле ацэнак спецыялістаў, спрыяе росту турыстычнага патоку бязвізавы рэжым, што дзейнічае на тэрыторыі Гарадзенскага раёна, які замежнікі без візы могуць наведваць да 10 дзён. Уехаць у рэгіён можна як аўтамабілем ці аўтобусам, так і чыгуначным або авіятранспартам.
Рост турпатоку стымулюе развіццё інфраструктуры: з’яўляюцца новыя гасцініцы, аб’екты грамадскага харчавання. З пачатку года з 327 да 345 павялічылася колькасць аграсядзібаў. Пры гэтым большасць з іх з’явіліся на тэрыторыі бязвізавай зоны. Сёлета Гародню і Гарадзенскі раён наведалі прыкладна 49 тысяч турыстаў з 57 дзяржаў у рамках бязвізавага ўезду. Для параўнання: за ўвесь 2017 год такіх турыстаў было прыблізна 50 тысяч.
У рэгіёне ўдасканальваецца сфера гасціннасці. У прыватнасці, прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні карты госця, якая можа даць бонусы і скідкі турысту ў музеях, гасцініцах, установах грамадскага харчавання, іншых аб’ектах.