Гарадзеншчыну „залівае” расейскі алкаголь



Падатковая інспекцыя Гарадзенскай вобласці на працягу года канфіскавала больш за 9 тон кантрабанднай алкагольнай прадукцыі. Гэта ў два разы перавышае мінулагоднія паказчыкі.

Гарэлка

Падвышэнне выпадкаў канфіскацыі безакцызнай гарэлкі і спіртных напояў тлумачыцца актывізацыяй алкагольнага “чорнага” рынку – на Гарадзеншчыне ў бягучым годзе выяўлена амаль дзвесце парушэнняў заканадаўства.

Як зазначае старшыня абласной падатковай інспекцыі Лідзія Сямашка, з’ява выклікана шэрагам прычынаў як унутранага, так і знешняга характару:

– На нашу гарэлачную прадукцыю, з улікам павелічэння акцыза, павялічылася і цана. Але ў нашу Рэспубліку, у нашу Гарадзенскую вобласць у апошні час паступае прадукцыя расейскай вытворчасці і адпаведна без расейскіх акцызных марак.  

У большасці выпадкаў нелегальны алкаголь, выяўлены на тэрыторыі Гарадзеншчыны – расейскага паходжання. Паводле лабараторных даследаванняў безакцызная прадукцыя небяспечная для здароўя.

Агульная сума штрафаў, накладзеных на грамадзян за захоўванне і распаўсюд кантрабанднага алкаголю, перавысіла 68 тысяч даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя