Гарадзенская „Адметнасць” плануе сыходзіць на каранцін
Адсутнасць турыстаў, нізкая пакупніцкая здольнасць беларусаў і канешне закрыццё межаў – гэта асноўныя складнікі, што ўплываюць на малы бізнес па-беларуску ў Гародні.
Пра тое, што змянілася ў апошні час, распавядае Сяргей Верамеенка з крамы „Адметнасць”:
– Продажы ўпалі да катэгарычна нізкіх узроўняў. Часам здараецца, што прыходзіцца сядзець – абсалютны нуль. Усур’ёз разглядаем магчымасць выйсці на каранцін. З задавальненнем гэта б зрабілі, калі б не ўмовы, у якіх мы працуем, бо, на жаль, існуюць пазыкі, якія мы яшчэ маем. І акрамя таго няма той «тлушчавай праслойкі», якую хацелася б мець.
Сяргей Верамеенка канстатуе, што беларусу няма на што есці, а на набыццё нацыянальных рэчаў няма грошай:
– Можа быць, ёсць сэнс звярнуцца ў які-небудзь банк, можа, які-небудзь банк дапаможа. Тут, думаю, што дзяржава магла б дапамагаць дробнаму бізнесу, але, на жаль, не прыходзіцца на гэта спадзявацца. Крама была разлічана ў асноўным на нашага спажыўца, але мы бачым, што ў беларуса, прыбітага гэтымі ўсімі бліжэйшымі крызісамі, усе сродкі сыходзяць у асноўным на харчаванне. А пра турыстаў – тут няма ўжо чаго казаць. Турыстаў – поўны нуль, яны таксама складалі хоць і невялікую частку, але ўсё ж такі нашых пакупнікоў.
Па словах Сяргея Верамеенкі, у падобнай сітуацыі знаходзяцца і крамы з нацыянальнымі вырабамі па ўсёй Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя