„Гарадзенскі шклозавод” зноў атрымае дзяржпадтрымку
ААТ „Гарадзенскі шклозавод” зноў атрымае дзяржаўную падтрымку. Адпаведная пастанова Савета міністраў № 194 ад 13 сакавiка апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакументам дзяржава з 1 студзеня па 31 снежня 2018 года за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе выплачваць працэнты за карыстанне выдадзенымі раней ААТ „Гарадзенскі шклозавод” крэдытамі. Пазыкі былі выдзелены ААТ „БПС-Ашчадбанк” у 2011 годзе на суму каля 2,3 млн еўра і 4,5 млн рублёў у 2013—2015 гадах, ААТ „АСБ „Беларусбанк” — 2,3 млн еўра (у 2014 годзе) і 8,5 млн рублёў (у 2014—2015 гадах).
Працэнты ў беларускіх рублях будуць кампенсаваныя ў памеры 50% стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, якая склалася з улікам яе змены ў перыяд налічэння працэнтаў; у замежнай валюце — у памеры 50% стаўкі па крэдыце, вызначанай у адпаведным крэдытным дагаворы, з выплатай у беларускіх рублях па афіцыйным курсе Нацыянальнага банка, устаноўленым на дату выплаты.
Выплата працэнтаў робіцца банкам на падставе пададзеных ААТ „Гарадзенскі шклозавод” у Міністэрства фінансаў і ўзгодненых з банкамі звестак аб сумах працэнтаў, які налічаныя і падлягаюць выплаце за карыстанне банкаўскімі крэдытамі.
Вызваленыя грашовыя сродкі накіроўваюцца прадпрыемствам на папаўненне ўласных абаротных сродкаў.
Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва сумесна з Міністэрствам фінансаў і Дзяржаўным камітэтам па маёмасці ў 2018 годзе даручана забяспечыць павелічэнне долі Рэспублікі Беларусь у статутным фондзе ААТ „Гарадзенскі шклозавод” на суму аказанай у 2017 годзе дзяржаўнай падтрымкі, выдзеленай з рэспубліканскага бюджэту, шляхам эмісіі акцый дадатковага выпуску і іх перадачы ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь.
Раней такая дзяржпадтрымка аказвалася ў 2016 і 2017 гадах.
Фота grodnonews.by