Гарадзенскія ІП патрабуюць адмены указа №222
На гарадзенскім рынку “Паўднёвы” адбыўся сход прадпрымальнікаў, якія з новага года пазбаўленыя магчымасці легальнай працы у сувязі са зменамі ў заканадаўстве.
Больш за сто чалавек патрабавалі адмены указа №222, які забараняе гандаль без сертыфікатаў якасці і дакумантаў аб паходжанні тавара. Пакуль ніякіх адказаў ад гарадзенскіх чыноўнікаў прадпрымальнікі не атрымалі. Такія захады ўладаў яны лічаць абуральнымі:
– Мы плацім падатак і не малы. Эканоміка развіваецца па пэўных прынцыпах, нельга ж сілай прымусіць людзей працаваць так, як хоча ўрад.
– Прадпрымальнік мусіць быць, і не трэба нас чапаць, трэба толькі кантраляваць нашу працу.
– Нават калі я прывязу з Расеі нейкі дакумент, то ён не будзе сапраўдным, бо я яго вазьму ў такога ж ІП, а ў яго таксама фірма. А гэта замкнёнае кола, і ўсе гэта выдатна разумеюць.
На гарадзенскім рынку “Паўднёвы” працуе больш за 1 800 індывідуальных прадпрымальнікаў. Амаль усе яны з новага года апынуліся без працы. Прадстаўнікі дробнага бізнесу збіраюцца арганізаваць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за адмену ўказа, які пазбавіў іх магчымасці легальнай працы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: facebook.com