Валянцін Бранцэвіч: відаць нехта не разумее, хто такі індывідуальны прадпрымальнік
Высокія стаўкі арэнднай платы і непамерныя падаткі з’яўляюцца галоўнымі перашкодамі ў працы гарадзенскіх прадпрымальнікаў на рынку “Карона”.
Утрыманне павільёна плошчай 27 квадратных метраў, разам з сумай падатка-абкладання, каштуе больш за 12 мільёнаў рублёў, што робіць працу прадпрымальнікаў нерэнтабельнай – зазначае старшыня прафсаюзу “Садружнасць” Валянцін Бранцэвіч:
– Сёння ва ўмовах крызісных з’яваў, якія ахапілі нашу краіну, неабходна выкарыстоўваць індывідуальных прадпрымальнікаў, даць ім магчымасць прадаваць прадукцыю. А гэтага не адбываецца, відаць нехта не разумее сутнасці, хто такі індывідуальны прадпрымальнік.
Уласнікам будынка, на тэрыторыі якога месціцца рынак “Карона”, з’яўляецца прадпрыемства “Гронітэкс”, якое здае плошчы ў арэнду замежнаму акцыянернаму таварыству “Карона” па коштах 120 тысяч рублёў за квадратны метар.
У сваю чаргу адміністрацыя рынка зарабляе на суб-арэндзе больш як удвая, калі прапануе прадпрымальнікам арэндную плату памерам 290 тысяч рублёў за “квадрат”.
* * *
Да студзеня 2016 года індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) змогуць рэалізоўваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза (МС), без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё і паступленне.
Такое рашэнне прынята на нарадзе па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якая праходзіла ў сталічным „Экспабел” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
Пакуль што гэтае рашэнне не выклікае энтузіязму ў гарадзенскіх індывідкальных прадпрымальнікаў,
– Накалілі сітуацыю «да красна», а пасля крыху адпусіцлі, і ўсе рады, што адпусцілі хаця бы крыху. І ніхто зараз не будзе абурацца, што падаткі падымуцца у два разы. Ніхто. Усё будзе выглядаць, што нас чарговы раз “выратавалі”.
– У людзей грошай няма. Справа не ў законах. Справа ў тым, што нястача і жабрацтва.
– Бярэш адну ўпакоўку, а ў ёй пяць адзінак. Адну адзінку трэба абавязкова аддаць на сертыфыкацыю. Павышаецца кошт. Я разумею, што напрыклад, на заводзе альбо на фабрыцы можна зрабіць сертыфікацыю. а маленькім прадпрымальнікам гэта зусім не выгодна.
– Чалавек прывозіць дзесяць пар адных, дзесяць пар другіх і дзесяць пар трэціх. Сертыфікат як зрабіць? Фуру прывезці? А калі едзе ў Маскву і бярэ 10 пар?
– Двайны падатак і чатырохкратны НДС – не ўсе пацягнуць. Можа абласныя цэнтры, а ў правінцыі цяжкавата будзе.
Сотні прадпрымальнікаў на гарадзенскіх рынках так і не аднавілі працу пасля першасакавіцкага страйку.
Многія бізнэсоўцы ўжо цяпер шукаюць выйсце са складанай сітуацыі, тым больш што паводле Аляксандра Лукашэнкі, адтэрміноўка да студзеня 2016 года – апошняя саступка ўладаў індывідуальным прадпрымальнікам.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Вялікая колькасць гарадзенскіх прадпрымальнікаў, што гандлююць таварамі на рынках горада, не выйшлі на працу з 1 ліпеня. Менавіта з 1 ліпеня ў сілу ўступіў закон, які абавязвае прадпрымальнікаў мець сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія яны будуць увозіць у нашу краіну пасля гэтай даты.
Каб папярэдзіць пакупнікоў аб тым, што, напрыклад, тавар не сертыфікаваны, прадаўцы павінны будуць размяшчаць адпаведныя аб’явы ў гандлёвых кропках.
Пра праблемы, што існуюць для ганляроў гарадзенскіх рынкаў распавядае адзін з прадпрымальнікаў Дзяніс:
– Што прапануе дзяржава? Маю знаёмых, якія звярталіся ў аптовыя базы. Па-першае, там цэны зусім іншыя, што выкліча значнае павелічэння цэнаў на кірмашы. Па-другое, сама сістэма – яна вельмі бюракратычная. Адзін мой знаёмы ездзіў на такую базу набыць цацкі. Сорак хвілін ён чакаў нейкага бюракрата, які павінен быў адпусціць тавар, паўтары гадзіны з ім хадзіў выбіраў… То бок, сістэма не наладжаная. Ды і саміх базаў недастаткова.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня