Гарадзенскія крамы „Цудоўня” і „Кубік” па-ранейшаму працуюць



Уладальнікі крамаў „Цудоўня” і „Кубік” працягваюць працаваць. Парада закрыцца да з’яўлення асобы, якая прайшла б курсы карыстання сродкамі пажаратушэння, была праігнаравана з-за непатрэбнасці.

Ужо на наступны дзень, пасля атрымання афіцыйнага ліста ад прадстаўнікоў МНС, уласнікі крамы прайшлі курсы. Але адміністрацыйная справа, якую завялі на індывідуальных прадпрымальнікаў, закончылася штрафамі.

Кажа Андрэй Несцяровіч:

– На дадзены момант мы маем „адміністраціўкі”: я – дзесяць базавых, Янкоўскі – пятнаццаць базавых. Але затое цяпер мы абодва маем талоны аб праходжанні падрыхтоўкі па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму. У нас цяпер на краме ёсць два вогнетушыльнікі. З васьмі раніцы мы праходзілі сем гадзін навучання па гэтай праграме.

Разам з тым у Гародні ўжо закрыты некаторыя бары, кандытарскія, кнігарні праз фармальныя парушэнні, зафіксаваныя ў выніку па-за планавых праверак прадстаўнікоў міністэрстваў антыманапольнага рэгулявання і надзвычайнага становішча. Але прычына, схаваная за паперамі, – падтрымка гэтымі прыватнымі ўстановамі агульнанацыянальнага страйку 26-га кастрычніка.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя