Гарадзенскія прадпрыемствы працягнуць вымушаныя адпачынкі?
Працоўныя шэрагу гарадзенскіх прамысловых прадпрыемстваў знаходзяцца ў вымушаным калядным адпачынку. Двухтыднёвыя канікулы за ўласны рахунак працягнуцца да 11 студзеня. Прымусовыя адпачынкі па ініцыятыве наймальніка ўведзеныя ў асноўным на прадпрыемствах машынабудаўнічай галіны – заводах карданных валаў, такарных патронаў і гандлёвага машынабудавання.
Людзей у большасці выпадкаў ставяць перад выбарам падпісання заявы на вымушаны адпачынак па ўласнаму жаданню ці звальнення з працы. Такія дзеянні адміністрацыі не заўсёды з’яўляюцца законнымі, зазначае намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч:
– Калі гэта вымушае чалавека ісці, напрыклад, у адпачынак за свой кошт, то відавочна, што гэта парушэнне працоўнага заканадаўства і таксама ад чалавека залежыць ці ставіцца да гэта прынцыпова. Натуральна, што сітуацыя не лепшая, што сітуацыя звязаная перш за ўсё з расейскім крызісам.
У сувязі са складанымі эканамічнымі ўмовамі, многія прамысловыя прадпрыемствы Гародні з Новага года будуць працаваць у скарочаным рэжыме. Ужо распрацаваныя графікі, паводле якіх штомесяц работнікі заводаў будуць абавязаныя штотыдзень ад аднаго да двух дзён знаходзіцца ў вымушаным адпачынку.
Такія захады адбіваюцца ў першую чаргу на ўзроўні заробку, які на многіх прадпрыемствах не перавышае 3 мільёны рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня