Гарадзенскія прадпрыемствы скарачаюць працоўны тыдзень
Усе металаапрацоўчыя прамысловыя прадпрыемствы Гародні працуюць паводле скарочанага графіка працы. Агульная колькасць людзей, ахопленых крызіснай з’явай, перавысіла 5000 чалавек.
На працягу года колькасць працоўных, якія па ініцыятыве наймальнікаў апынуліся ў вымушаных адпачынках, павялічылася больш як у 2 разы.
На думку юрыста Беларускага незалежнага прафсаюза Аляксандра Парадкава, дзеянні кіраўнікоў прадпрыемстваў не заўсёды маюць законнае абгрунтаванне:
– Без згоды працаўніка перавесці яго на чатырохгадзінны працоўны дзень, калі прадугледжаны васьмігадзінны, што абсалютна супярэчыць заканадаўству. У нас па закону ўстаноўлены саракагадзінны працоўны тыдзень і змяніць працягласць працоўнага тыдня наймальнік самастойна не мае права.
Асноўная прычына скарочаных графікаў працы – незапатрабаванасць прадукцыі, якую вырабляюць прадпрыемствы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня