Гарадзенскія прадпрымальнікі не хочуць гандляваць айчыннымі таварамі
З больш чым 28 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў Гарадзеншчыны набываць айчынныя тавары лёгкай прамысловасці ў вызначаных дзяржавай аптовых пастаўшчыкоў выказалі жаданне толькі каля 500. Астатніх не задавальняе высокі кошт прадукцыі ды яе асартымент. “Нягледзячы на гэта, змяняць умовы ніхто не збіраецца”, – зазначыла намесніца начальніка ўпраўлення гандлю і паслугаў Гарадзенскага абласнога выканкама Ала Лебедзева:
— Была такая мэта: мы прасоўвалі і прасоўваем тавары айчыннай вытворчасці. У нас шырокі асартымент айчынных вытворцаў. У нас склалася меркаванне, што чужое — лепшае, але ў айчыннага вытворцы ёсць дастойныя прыклады тавараў. Можа не ўсе, бо прамысловасці таксама трэба перастройвацца.
Згодна са зменамі ў заканадаўстве, з 1 студзеня 2016 году індывідуальныя прадпрымальнікі, пры ажыццяўленні гандлёвых аперацый, павінны прадстаўляць суправаджальныя дакументы і дакументы, якія пацвярджаюць бяспечнасць тавару. У выпадку іх адсутнасці — прадугледжваюцца вялікія штрафныя санкцыі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня