Гарадзенскія прадпрымальнікі прыпыняюць працу
З новага года большасць гарадзенскіх прадпрымальнікаў не мае намеру ажыццяўляць гандаль на рынках горада. Прадстаўнікі дробнага бізнесу не бачаць магчымасці працаваць у сувязі са зменамі ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць наяўнасць дадатковых дакументаў. Са студзеня тавар павінен мець сертыфікаты аб падцверджанні адпаведнасці патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза і дакуманты аб паходжанні. Гэтыя новаўводзіны на думку гарадзенскіх прадпрымальнікаў накіраваныя на знішчэнне іх бізнесу:
– У нас няма такіх вялікіх сродкаў, каб рабіць сертыфікаты на тавары кожнай фірмы.
– І адкуль такі кошт – 4 млн за адну пробу?
– Народ стаў неплацёжаздольным. А мы разам з народам становімся больш беднымі і не можам плаціць такія вялікія падаткі.
– Тут няма чаго рабіць, трэба з’язджаць за мяжу і ўсё!
Большасць прадпрымальнікаў Гародні ці сыходзіць у бестэрміновы адпачынак, ці ўвогуле прыпыняе сваю дзейнасць. На рынках горада застаюцца гандляваць толькі тыя, хто працуе з сертыфікаваным таварам, а гэта не больш за 20% ад агульнай колькасці прадстаўнікоў дробнага бізнесу горада над Нёманам.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня