Гарадзенскія прадпрымальнікі гатовыя спыніць працу



У Гародні прадстаўнікі упраўлення гандлю абласнога выканаўчага камітэта праводзяць штотыднёвыя інфармацыйныя сустрэчы з мясцовымі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія гандлююць на рынках горада. Мэта чынавенства – пераканаць прадстаўнікоў дробнага бізнесу пачынаць з новага года супрацу з мясцовымі аптовымі пастаўшчыкамі.

Індывідуальныя прадпрымальнікі горада над Нёманам, а гэта каля 5 000 чалавек, маюць намер у адказ спыніць з новага года працу: з 1 студзеня ім забароняць гандляваць без сэртыфікатаў якасці. Акрамя таго, забарона будзе датычыць і назапашанага тавару:

– Нам абяцалі склады, абяцалі дакументы. 1 студзеня набліжаецца, а нічога не зроблена, нічога няма.

Лебедзева Ала Васільеўна, намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Гарадзенскага аблвыканкама:

– Калі ёсць цікавасць іншага боку, нам таксама гэта цікава, бо гэта нашыя кліенты. Мы з імі працуем. Гэта не значыць, што толькі сёння мы вырашылі з імі працаваць.

У выпадку, калі ўлады не адменяць непапулярную пастанову, гарадзенскія прадпрымальнікі маюць намер правесці пратэстныя акцыі і такім чынам спрабаваць адстаяць сваё права на працу. З гарадзенскімі прадпрымальнікамі працуюць некалькі незалежных прафсаюзаў, якія маюць намер дапамагчы ў арганізацыі пратэстаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня