Гародня: 27 беспрацоўных на 1 вакансію



Паводле афіцыйных дадзеных, на Гарадзеншчыне сем тысяч чалавек працуюць у рэжыме няпоўнай працоўнай занятасці. Гэта адбываецца  ў сувязі з аптымізацыяй працы суб’ектаў гаспадарання  і  спыненнем дзейнасці прадпрыемстваў.

Як зазначае намеснік начальніка Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гарадзенскага гарвыканкама Аксана Флёрка, складаная эканамічная сітуацыя ў рэгіёне не спрыяе паляпшэнню сітуацыі на рынку працы, а службы занятасці не ўстане дапамагчы ўсім жадаючым. Асабліва гэта датычыць абласнога цэнтра:

– На 1 вакансію прэтэндуе 27 беспрацоўных. Наглядаецца рэзкае павелічэнне рэгістрацыі беспрацоўных, адпаведна, павялічылася і колькасць тых, каго рэгіструем. Павялічылася і напружанасць на рынку працы. Асноўная праблема сёння – гэта праблема мужчынскай занятасці.

Гарадзенскія ўлады ў межах барацьбы з беспрацоўем распрацавалі план мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку занятасці насельніцтва ў 2016 годзе. На яго рэалізацыю плануецца выдаткаваць больш за два мільёны даляраў. Грошы будуць накіраваныя на выплату дапамогі беспрацоўным і іх перападрыхтоўку, а таксама аплату грамадскіх працаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота s13.ru