Гары Паганяйла: Бізнес знаходзіцца пад “апякунствам” сілавікоў
Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла распавёў пра практыку, калі можна заплаціць і пазбегнуць крымінальнай адказнасці.
На мінулым тыдні ўпраўленне Следчага камітэта па Менску паведаміла, што пачалося расследванне ў дачыненні да кампаніі “Паціа” (сетка крамаў “5 элемент”), якую падазравалі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у буйных памерах.
Але ўжо праз нейкі час кіраўнік кампаніі заявіў, што “памер прэтэнзій меншы за 1% ад сплачаных фірмай падаткаў”.
Ён таксама паведаміў, што ў той жа дзень кампанія “ўнесла на дэпазіт Следчага камітэта суму, якая была агучана, і ўжо на наступны дзень усе арышты і блакіроўкі рахункаў былі знятыя”.
Гары Паганяйла: Такая практыка насамрэч ёсць, калі юрыдычныя асобы могуць з-за нясплаты падаткаў кампенсаваць пэўную суму, і справа будзе закрыта. Натуральна, пад страхам магчымага крымінальнага пераследу бізнесмены пагаджаюцца хуценька пагасіць запазычанасць і кампенсаваць пэўныя выдаткі.
Нярэдка такія справы могуць быць ініцыятывай канкурэнтаў, контрангентамі па здзелках. Ні для каго ні сакрэт, што ўвесь беларускі бізнес у той ці іншай ступені знаходзіцца пад “апякунствам” сілавікоў, да якіх можна звярнуцца, і яны выканаюць тое, пра што прасілі.
РР: Адным словам, на першым месцы грошы, а не права?
Гары Паганяйла: Атрымліваецца, што так. Калі бізнесмен пагаджаецца добраахвотна ўнесці на суадносны дэпазіт неабходную суму, то праблема будзе вырашана. Такія стасункі паміж бізнесам і сілавымі структурамі з’явіліся не сёння, гэта практыкуецца ўжо досыць даўно.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя