Гасцініцу „Беларусь” у Гародні паўторна выставяць на таргі



Найбуйнейшая ў Гародні дзяржаўная гасцініца „Беларусь” будзе паўторна выстаўленая на продаж. Новы аўкцыён прызначаны на 30 кастрычніка.

Фактычна падчас аўкцыёну будзе прадавацца прадпрыемства, якое знаходзіцца ў гарадской уласнасці і якому належыць гасцініца „Беларусь” на 188 нумароў і рэстаран плошчай большай за 2.000 квадратных метраў. Пачатковы кошт лота ў выглядзе 100% акцый ААТ „Гасцінічная гаспадарка” ранейшая — прыкладна 5 млн рублёў (2,5 млн долараў).

Апошні дзень прыёму заявак на ўдзел у аўкцыёне — 13 кастрычніка. Удзельнікі таргоў абавязаныя да 23 кастрычніка пералічыць на рахунак Гарадзенскага гарвыканкама задатак, роўны 10% пачатковай цаны акцый (прыблізна 500 тыс. рублёў).

Згодна з умовамі конкурсу, ад інвестара патрабуецца на працягу трох гадоў пасля куплі ўкласці ў развіццё гасцініцы і рэстарана мільён долараў, на працягу пяці гадоў захоўваць профіль прадпрыемства.

Першы конкурс па продажы гасцініцы „Беларусь” быў прызначаны на 25 жніўня. Аднак ён не адбыўся, бо не паступіла заявак ад патэнцыяльных пакупнікоў.

Гасцініца „Беларусь” састарэла маральна і фізічна, патрабуе капітальнага рамонту. Уласных грошай у прадпрыемства на гэта няма. Будынак узведзены ў 1968 годзе, знаходзіцца практычна ў цэнтры Гародні.

Дзякуючы месцаразмяшчэнню яна выглядае прывабна ў вачах інвестараў. Менавіта таму тры гады таму літоўская кампанія Arvi хацела набыць гасцініцу і ператварыць яе ў чатырохзоркавы гатэль. Аднак інвестар і гарадскія ўлады не здолелі дамовіцца аб умовах прыватызацыі.

belapan.by