Газ і электрычнасць падаражаюць



З 2016 года плануецца адмяніць падатковую льготу пры рэалізацыі насельніцтву паслуг па газа- і электразабеспячэнні. Паводле інфармацыі БелаПАН, гэтую меру прадугледжвае праект бюджэту на наступны год.

З 2016 года прапануецца ўстанаўліваць тарыфы на газ і электраэнергію для насельніцтва з улікам падатку на дададзены кошт (ПДК). Сёння ПДК складае 20%.

Як растлумачылі спецыялісты, знаёмыя з сітуацыяй, прапанова ўключэння ПДК у тарыфы для насельніцтва з’яўляецца адной з мераў, скіраваных на ліквідацыю практыкі перакрыжаванага субсідавання.

Цяпер сумы ПДК газа- і энергазабеспячальныя арганізацыі адносяць на свае затраты, звязаныя з аказаннем насельніцтву паслугаў газа- і электразабеспячэння. Чакаецца, што ў выніку ўключэння ПДК у тарыфы на газ і электраэнергію павялічыцца адсотак кампенсавання насельніцтвам затрат на аказанне такіх паслугаў.

Тэма ўключэння ПДК у тарыфы для насельніцтва на газ і электраэнергію ўжо стала, прадметам дыскусій на афіцыйным узроўні.

Нагадаем, рэформа тарыфаў з’яўляецца адной з умоў міжнародных фінансавых арганізацый, з якімі Беларусь вядзе перамовы аб прыцягненні новых крэдытаў.

Трэба адзначыць, што тэмпы росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі вызначаюцца дзяржавай і рэгламентуюцца рашэннямі прэзідэнта. Згодна з указам № 550, прынятым у 2013 годзе, штогод 1 студзеня тарыфы на такія паслугі павышаюцца ў памеры, эквівалентным 5 доларам.

Беларускія эканамісты чакаюць, што з улікам патрабаванняў крэдытораў тэмпы павышэння тарыфаў могуць паскорыцца. „Тэмпы росту тарыфаў будуць, верагодна, вышэйшымі, чым раней запланаваныя 5 долараў у год. Паскарэнне тэмпаў павышэння тарыфаў, магчыма, будзе адной з умоў МВФ”, — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Згодна з апошнімі звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у другім квартале 2015 года на аплату жыллёва-камунальных паслуг у сярэднім прыпадала 6% расходаў беларускіх сем’яў.

„У сувязі з чаканым павышэннем тарыфаў, а таксама з улікам зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, можна меркаваць, што рэформа тарыфаў прывядзе да змены структуры расходаў беларускіх сем’яў. Доля сямейнага бюджэту, якую трацяць дамашнія гаспадаркі на платныя паслугі, узрасце”, — лічыць Барнукова.

Даследаванне Сусветнага банка 2014 года, заснаванае на выніках працы фокус-груп, паказала, што ў выпадку значнага росту тарыфаў частка насельніцтва пачне эканоміць на прадуктах харчавання. „Для адаптацыі да павышэння тарыфаў на цеплазабеспячэнне малазабяспечаныя дамашнія гаспадаркі з вялікай верагоднасцю зменшаць расходы на харчаванне і адзенне, чым на ацяпленне”, — адзначылі эканамісты СБ.