«Газпрам» плануе рэзка скараціць транзіт газу праз Беларусь пасля запуску «Паўночнага патоку – 2»



Пра гэта стала вядома з кантракта «Газпрама» з ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» на транзіт газу ў Еўропу ў 2021 годзе.

«Газпрам» плануе рэзка скараціць транзіт газу праз Беларусь пачынаючы з 4-га квартала 2021 года.

Пра гэта стала вядома з кантракта «Газпрама» з ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» на транзіт газу ў Еўропу ў 2021 годзе, апублікаванага напярэдадні гадавога сходу акцыянераў расейскага гіганта, паведамляе nn.by.

Згодна з дакументам, заданне для кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь» на транспартаванне газу на 2021 год у Заходнюю Еўропу складае 29,574 млрд куб. метраў, у тым ліку: I квартал — 9,626 млрд куб. метраў, II квартал — 9,183 млрд куб. метраў; III квартал — 8,842 млрд куб. метраў, IV квартал — 1,923 млрд куб. метраў.

Такім чынам, транзіт газу скароціцца амаль на 8 млрд кубоў у квартал, або на 80%.

Газ праз Беларусь прапампоўваецца па транснацыянальным газаправодзе «Ямал-Еўропа» магутнасцю 32,9 млрд кубаметраў у год у Польшчу і Нямеччыну. Акрамя таго, па іншай галінцы газаправода расейскі газ праз Беларусь паступае ў Літву, а праз яе — у Калінінградскую вобласць.

Да гэтага года «Ямал-Еўропа» быў загружаны на поўную катушку, бо «Газпраму» было выгадней пасылаць блакітнае паліва праз Беларусь, а не праз Украіну. «Газпрам трансгаз Беларусь» на 100% належыць расейскай кампаніі, а таму тарыфы на прапампоўку газу праз нашу краіну мінімальныя.

Планаванае зніжэнне транзіту праз Беларусь, мусіць, звязана з хуткім пускам новага газаправода па дне Балтыйскага мора «Паўночны паток — 2». ЗША вычарпалі магчымасці далей блакаваць яго будаўніцтва.

Пасылаць газ па «Паўночных патоках» выгадней, бо не трэба нікому плаціць за транзіт.

novychas.by