«Газпрам» знізіў транзіт газу ў Еўропу праз Украіну на 25%



Дастаўка расейскага газу ў Еўропу праз газатранспартную сістэму Украіны ў 2021-м знізілася на 25% адносна ўзроўню 2020 года, да 41,6 млрд кубаметраў, падлічыў аператар ГТС Украіны.

Сярэднясутачны аб’ём транзіту газу трымаўся на ўзроўні 114 млн. кубаметраў.

З забраніраваных „Газпрамам” транзітных магутнасцей на 44,4 млрд кубоў было выкарыстана 93,7%.

У цэлым магутнасці ўкраінскай газатранспартнай сістэмы ў 2021 годзе былі задзейнічаны менш чым на 30%, распавёў кіраўнік кампаніі „Аператар ГТС” Сяргей Макагон.

Аператар ГТС Украіны канстатуе: нягледзячы на ​​тое, што цэны на газ у Еўропе трымаюцца на максімумах, магчымасці ўкраінскага транзітнага маршруту не былі задзейнічаны цалкам для пераадолення энергетычнага крызісу.

Таксама ў афіцыйным паведамленні кампаніі адзначаецца, што ў 2021-м аб’ёмы газу, атрыманага з Еўропы ва Украіну, да 2020 года скараціліся ў шэсць разоў, да 2,6 млрд куб. метраў.

Тым часам рэверс газу з Германіі ў Польшчу па трубе Ямал – Еўропа 5 студзеня ўпаў у пяць разоў, да 155 тыс. кубаметраў за гадзіну.

officelife.media