„Газпром” запусціў марскі тэрмінал для паставак газу
„Газпром” запусціў марскі тэрмінал, які дазваляе пастаўляць газ у Калінінградскую вобласць без транзіту праз Беларусь.
8 студзеня ў Калінінградзе адбыўся ўвод у эксплуатацыю рэгазіфікацыйнага тэрмінала звадкаванага прыроднага газу. Тэрмінал пабудаваны ў акваторыі Балтыйскага мора і ўяўляе сабой абаронены прычал, да якога швартуецца плывучая рэгазіфікацыйная ўстаноўка. Гэта першы падобны праект у расейскай энергетыцы.
Уладзімір Пуцін, які назіраў за пускам, заявіў, што дастаўка прыроднага газу на падобныя адлегласці трубаправодным транспартам з`яўляецца эканамічна больш мэтазгоднай. „Але для нас, для Калінінградскай вобласці ў прыватнасці, гэта, хутчэй за ўсё, рэзервовыя магутнасці, якія істотным чынам мінімізуюць, а, дакладней сказаць, зводзяць на нішто ўсе транзітныя рызыкі, — цытуе Пуціна сайт Крамля. — Значэнне тэрміналу для энергабяспекі і ўмацавання энергетычнай базы рэгіёна цяжка пераацаніць, у першую чаргу ўлічваючы геаграфічнае становішча Калінінградскай вобласці”.
Са свайго боку, старшыня праўлення „Газпрома” Аляксей Мілер паведаміў Пуціну, што сістэма паставак газу праз магістральны газаправод Мінск — Вільнюс — Каўнас — Калінінград цалкам адключаная, і ў дадзены момант газазабеспячэнне Калінінградскай вобласці цалкам ажыццяўляецца праз марскі прыёмны тэрмінал.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе „Газпрома” ў сувязі з пускам тэрмінала, пастаўкі газу ў рэгіён альтэрнатыўным спосабам ажыццяўляліся і раней — марскім транспартам. Калінінградскае падземнае сховішча газу ўведзенае ў эксплуатацыю ў 2013 годзе. На сховішчы дзейнічаюць чатыры рэзервуары з аператыўным рэзервам газу 174 млн кубаметраў.