Генадзь Фядыніч: Інфляцыя ўжо “з’ела” падвышэнне пенсій



Старшыня Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч распавядае пра тое, як у краіне шануюць пенсіянераў.

фядыніч

Працоўныя пенсіі з 1 снежня 2016 года падвышаюцца ў сярэднім на 5 адсоткаў. Апошнім разам яны падвышаліся ў верасні мінулага года. І таксама на 5 адсоткаў.

Генадзь Фядыніч: Падвышэнне пенсій на 5 адсоткаў – гэта смех, бо за год інфляцыя ўжо некалькі разоў “з’ела” гэтае падвышэнне. Відавочна, што беларуская эканоміка няздольная падняць пенсіі на прыстойны ўзровень. Людзі атрымліваюць у сярэдні па 200-300 рублёў, як на іх пражыць пры сёняшніх цэнах і тарыфах на “камуналку”? А калі пенсіянеру няма каму дапамагчы? Чалавек усё жыццё сумленна адпрацаваў, аддаў здароўе на гэта, таму і ад дзяржавы павінен заслугоўваць лепшых адносін.

РР: Няма грошай на падвышэнне пенсій?

Генадзь Фядыніч: Няма, але давайце паглядзім на праблему з іншага боку. Шмат якіх бюджэтных грошай ідуць, на мой погляд, не туды, куды патрэбна. Гэта і армія, і сілавікі, і розныя прапагандысцкія структуры кшталту БРСМ, і розныя забаўляльныя мерапрыемствы. На іх жа ёсць фінансаванне.

РР: А наколькі пенсіі – вялікі цяжар для бюджэту?

Генадзь Фядыніч: Вялікі, бо пенсіянераў шмат. Калі б нармальна працавала эканоміка, было б лягчэй, але ж маем тое, што маем. А эканоміку не падманеш.

РР: Кажуць, што ў будучым плануюць браць 40% з пенсій у тых пенсіянераў, якія яшчэ і працуюць?

Генадзь Фядыніч: Такія размовы насамрэч ёсць. Але чаму працуе пенсіянер? Бо не хапае грошай на жыццё. А хочацца і нармальна харчавацца, і дапамагчы дзецям ды ўнукам. І калі маецца здароўе і магчымасць, чаму б і не папрацаваць? Але ж чалавек за доўгае працоўнае жыццё ужо зарабіў сабе пенсію, навошта яе забіраць? І спасыл на вопыт іншых краін тут не да месца. Зрабіце пенсію тысячу ці дзве тысячы еўра і ніякіх праблем не будзе. Але ж не можаце гэтага зрабіць. Дык навошта забіраць у людзей тое, што яны самі зарабілі?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя