Генадзь Фядыніч: Нарастае ганебная практыка звальненняў ці не прыёму на працу



У Беларусі нарастае ганебная практыка звальненняў ці не прыёму на працу па палітычных матывах, –  кажа Радыё Рацыі намеснік старшыні работнікаў прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

– Нашыя актывісты, амаль 350 чалавек, ужо даўно з’ехалі з краіны. То бок і звальняць няма каго. Тут ёсць адзінкі. І, безумоўна, я бачу, што тут робіцца з тымі, хто, мабыць, падвозіў ваду, калі людзі мітынгавалі.

Зараз усё адсочваецца, і кожны лічыцца прадстаўнікамі дзяржавы, што ён недзяржаўны чалавек. А раз недзяржаўны, то і працаваць на дзяржаўных прадпрыемствах ты не можаш. Вось да такога выніку я прыходжу.

І хто будзе працаваць на дзяржаўных прадпрыемствах? Звальняюць спецыялістаў, якіх цяжка будзе замяніць. І гэта сёння не турбуе. Наймальніка турбуе, безумоўна, але ж ён вымушаны падпарадкоўвацца тым інструкцыям, якія даюць гэтыя спецслужбы. Вось мы бачым, што зараз людзей будуць звальняць па-ціхаму ці па дамове бакоў, ці скарачэннем, ці калі кантракт канчаецца, не будуць яго працягваць. Але гэта ўжо ідзе больш чым год, і будзе працягвацца.

РР: І пры прыёме на працу нейкія сумоўі наконт ідэалагічных поглядаў, чаго раней не было. Наколькі ўсё гэта законна?

Генадзь Фядыніч: Лічу, што і сама служба ідэолагаў незаконная, яе не павінна быць на прадпрыемствах. На прадпрыемстве чалавек павінен выконваць свае працоўныя абавязкі, рабіць план, і каб наймальнік не меў да яго ніякага дачынення. А тое, як чалавек сёння думае, калі яго думкі перашкаджаюць яму выконваць план – гэта іншае пытанне. А калі – не, амаль ва ўсіх выпадках гэта супярэчыць усяму. Можа, ён з гэтай ідэалогіяй і не знаёмы, але ён трапіў у спісы, і ніхто з ім размаўляць і абараняць яго не будзе. То бок вось такім чынам. І заўтра ўсе яны будуць дармаедамі.  

РР: І на іх падвоены ціск атрымліваецца, таму што зараз пачаў ужо дзейнічаць гэты ганебны закон пра дармаедаў. Людзі атрымліваюць жыроўкі, і за ацяпленне  – у пяць разоў болей, чым раней. То бок трапляюць яшчэ і пад эканамічны прэс. Як з гэтым змагацца?

Генадзь Фядыніч: Эканамічны прэс больш важны для чалавека, чым тое, будзе ён там працаваць ці не будзе.  Гэта незаконна. Стаць сёння беспрацоўным, і ён нават не сам стаў, яго зрабілі беспрацоўным. І накласці такі штраф на камунальныя паслугі. Лічу, што трэба людзям збірацца, абмяркоўваць гэта ўсё і сказаць кіраўнікам дзяржавы: адмяняйце ўсе гэтыя незаконныя рэчы!    

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя