Генадзь Фядыніч: Пачынаем збор подпісаў за адмену дэкрэта аб “дармаедах”



“Калі ўлады не адрэагуюць на нашу ініцыятыву, пакідаем за сабой права на калектыўныя дзеянні”, – кажа кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

фядыніч

У Беларусі ўнеслі змены ў дэкрэт “Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства”, а дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая наогул прапанавала кіраўніку краіны яго адмяніць. Ці прыслухаюцца ўлады да такой прапановы?

Генадзь Фядыніч: Безумоўна, не прыслухаюцца. А 16 студзеня наш прафсаюз плануе зрабіць заяву, у якой мы праінфармуем, што па ўсёй краіне распачынаем збор подпісаў за адмену дэкрэта. Калі ж і пасля гэтага не будзем пачуты ўладамі, то пачнем рыхтавацца да масавых калектыўных дзеянняў. Бо тыя папраўкі ў дэкрыт, якія былі ўнесены, гэта проста здек. Зараз нам ідзе столькі тэлефанаванняў ад людзей з усёй рэспублікі, што не перадаць словамі. Праблема проста захлёствае!

РР: Можаце назваць галоўныя прычыны, па якіх дэкрэт павінен быць адменены?

Генадзь Фядыніч: Па-першае, сёння многія так званыя “дармаеды” прадстаўлены, як людзі, якія нічога не робяць, а жывуць толькі за кошт дзяржавы. Гэта няпраўда. Але галоўнае – няма сёння ў краіне столькі працоўных месцаў, каб уладкаваць усіх жадаючых. Хапае шмат людзей, якія месяцамі і нават гадамі не могуць знайсці сабе прыстойную працу. У “дармаеды” залічылі нават тых маці, якія ў дэкрэтным адпачынку, але накіравалі дзяцей у садок. А што, тая маці не плаціць за садок грошы? Вы паглядзіце, у якім стане сёння знаходзіцца эканоміка, і ў якім – людзі. Таму дэкрэт гэты не адпавядае ні Канстытуцыі, ні міжнароднаму праву. Дзяржава ж павінна гарантаваць свайму грамадзяніну хоць нейкі мінімум. Даверу да ўлады і так няма, а дэкрэт яшчэ больш раз’юшвае людзей.

РР: Вы сказалі, калі ўлады не адрэагуюць на вашу ініцыятыву, то пакідаеце за сабой права на калектыўныя дзеянні. Што маеце на ўвазе?

Генадзь Фядыніч: Спачатку будзе збор подпісаў – і “ужывую”, і ў электронным варыянце. Думаю, што падпішуцца дзесяткі тысяч людзей. Пасля подпісы перададзім у Адміністрацыю прэзідэнта і ва ўрад. Паралельна са зборам подпісаў папросім адказаць людзей на пытанне, ці згодны яны прыняць удзел у мітынгу, калі не будуць пачуты ўладамі. Калі народ вырашыць выказаць сваю нязгоду, то чаму б і не?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя