Генадзь Фядыніч: Прадпрыемствы вельмі рызыкуюць



Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў пра тое, ці выратуюць прадпрыемствы штрэйкбрэхеры.

Нагадаем, што на “Гродна-Азот”, пасля таго, як некаторыя работнікі звольніліся альбо звольнілі тых, хто аб’явіў страйк, былі запрошаны штрэйкбрэхеры з іншых прадпрыемстваў Беларусі. Ці выратуюць яны сітуацыю?

Генадзь Фядыніч: Штрэйкбрэхераў адправілі на той жа “Гродна-Азот” у камандзіроўку. Можна было, безумоўна, знайсці нагоду, каб адмовіцца ад паездкі ў знак салідарнасці, знайсці для гэтага нейкія падставы, але, як бачым, многія і пагаджаюцца. Бо салідарнасці ў працоўных пакуль не хапае.

Былі выпадкі, калі ў Беларусь нават прывозілі штрэйкбрэхераў з Масквы і Піцера, каб ратаваць сітуацыю. Тады страйкавалі работнікі сталічнага метрапалітэна Але адна справа, калі дасылаюць спецыялістаў з прадпрыемстваў, дзе падобныя вытворчасці і праца, і зусім іншая, калі звольненыя спецыялісты самі па сабе ўнікальныя. Іх вельмі складана замяніць. А каб падрыхтаваць работніка такога роўню, патрэбна каля паўгода.

Таму наймальнік, які запрашае штрэйкбрэхераў на сваё прадпрыемства, у пэўным сэнсе рызыкуе. Людзям трэба шмат вучыцца і здаваць экзамены, каб дасканала авалодаць вытворчасцю на тым жа “Гродна-Азоце”. Як іх можна дапускаць да працы, калі яны не прайшлі поўны вучэбны курс? Таму, безумоўна, гэта рызыка для прадпрыемства.

РР: Якое выйсце?

Генадзь Фядыніч: Трэба звольненых людзей вяртаць на працу, таму што тэхналогіі і праца завода даражэйшыя, чым загады зверху на звальненне вальнадумцаў.

Увогуле, трэба прапісваць правы грамадзян пры палітычных страйках. На жаль, зараз пра гэта нічога не сказана ні ў якім законе. Таму рэжым глядзіць на страйкі са сваёй званіцы, працоўныя – са сваёй.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя