Генадзь Фядыніч: Працоўныя маюць права на страйк



Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў новую ініцыятыву Генеральнай пракуратуры.

Пракуратура ацэніць шкоду з-за двухдзённага страйка на «Беларуськаліі» і, магчыма, выставіць пазоў да тых, хто страйкаваў.

Генадзь Фядыніч: Гэтая ініцыятыва – нейкі абсурд. Ёсць такое паняцце – прыбытак, які ўпусцілі. Дык няхай пракуратура палічыць, колькі было страчана, калі прадпрыемства не магло рэалізаваць прадукцыю ў свой час.

А сёння нешта патрабаваць ад людзей, якія страйкавалі, гэта, мякка кажучы, няправільна. Калі ў патрабавальнікаў не было эканамічнага пункту да наймальніка, то я не ведаю, як бы суд вырашаў гэтую праблему. У нас палітычныя страйкі законам не рэгламентаваны. Хаця па Канстытуцыі працоўныя маюць права на страйк. І там не напісана, на які – палітычны альбо эканамічны. Людзі маюць права на абарону сваіх палітычных інтарэсаў, што і зрабіў страйкам “Беларуськалія”.

Але калі пачнуць спаганяць з людзей грошы, то працоўным патрэбна салідарнасць. Тады наймальнік задумаецца, што ён робіць.

РР: Такім чынам пракуратура хоча застрашыць працоўных усіх прадпрыемстваў?

Генадзь Фядыніч: Мне падаецца, позна запалохваць, бо сітуацыя ўжо не будзе ранейшай. Безумоўна, і шахцёры ўжо не тыя, што былі ў 90-я гады, але, лічу, што і зараз хапае дастаткова моцных людзей.

Мне падаецца, што Беларускі незалежны прафсаюз, якія там існуе, павінен зрабіць заяву і папярэдзіць кіраўнікоў прадпрыемства і выказаць ім недавер, калі яны пачнуць „прэсаваць” працоўных.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя