Генадзь Фядыніч: Сітуацыю на „Беларуськаліі” трэба абмеркаваць на „круглым стале”
Сітуацыю на „Беларуськаліі” неабходна абмеркаваць на „круглым стале”, – лічыць намеснік старшыні прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
Як вядома, шмат працоўных з „Беларуськалію” былі падвергнуты рэпрэсіям за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і ў страйку. Таму партнёраў гэтага прадпрыемства з дэмакратычных краінаў, у прыватнасці, нарвежскую фірму „Яра” заклікалі спыніць супрацоўніцтва з ім. Не так даўно прадстаўнікі „Яры” наведалі гэта прадпрыемства, каб азнаёміцца з умовамі працы і тэхнікай бяспекі. Па словах Генадзя Фядыніча, госці адразу трапілі пад шчыльную апеку кіраўніцтва „Беларуськалію”.
– Правялі іх па 4-ым рудніку, прыбралі ўсё, усё чыста, прыгожа. Але сустрэчы, хоць і прасілі стачкамаўцы, сустрэчы не атрымалася. Таму прапанова прэзідыума РЭПа сабраць “круглы стол”. І Сяргей Антусевіч таксама падтрымаў. Трэба збірацца і выпрацоўваць агульную палітыку для ўсіх замежных прадпрыемстваў, якія сёння працуюць у Беларусі.
Гэта не значыць, што гэтыя прадпрыемствы павінны сыходзіць. Наадварот, трэба павялічыць іх уплыў на беларускія прадпрыемствы, з якімі яны супрацоўнічаюць, каб там не парушаліся правы працоўных. Яны ж усе падпісвалі адмысловы кодэкс, які не дае магчымасці працаваць з тымі прадпрыемствамі, дзе парушаюцца правы працоўных. І тут не павінен спрацоўваць прынцып, што грошы не пахнуць, – нагадаў Генадзь Фядыніч.
Беларускае Радыё Рацыя