Гендырэктар „Лідскага піва” прагназуе рост піўнога рынку
Да канца гэтага года і ў наступным годзе піўны рынак можа выйсці са стагнацыі і паказаць рост. Такое меркаванне 9 верасня ў Лідзе выказаў журналістам генеральны дырэктар ААТ „Лідскае піва” Аўдрыус Мікшыс, адказваючы на пытанне БелаПАН.
„Калі дзяржава заяўляе гучныя словы пра рост эканомікі і грашовых даходаў насельніцтва, то я спадзяюся, што так яно і будзе. Я буду рады за людзей, якія будуць атрымліваць больш даходаў. Вядома, тады яны будуць больш спажываць, у тым ліку і піва”, — сказаў ён.
Паводле слоў Мікшыса, задачай прадпрыемства на наступны год з’яўляецца рост продажу на ўнутраным і знешнім рынках. „Мы складаем цяпер бізнес-план развіцця прадпрыемства да 2025 года. Ён прадугледжвае пэўныя інвестыцыі ў развіццё. Калі нашы акцыянеры ўхваляць нашы планы, то мы моцна вырасцем”, — сказаў гендырэктар.
Пры гэтым ён заўважыў, што па выніках васьмі месяцаў адбыўся рост продажу, у тым ліку на экспарт. „Асноўны рынак застаецца ў Расеі, пастаўляем квас у Германію, Польшчу, Чэхію, Славакію. Півам там не здзівіш, а квасам здзіўляем”, — сказаў кіраўнік прадпрыемства.
Ён паведаміў, што сёлета на рынак было выпушчана шмат новых марак і ў далейшым плануецца пашыраць прадуктовы партфель па ўсіх пазіцыях: піва, квас, безалкагольныя напоі. Але, паводле слоў Мікшыса, „прыходзіцца старацца расці ў продажы ў сегменце безалкагольных напояў і вады на фоне падзення гэтага рынку”.