Гендырэктар „Расатама” паінфармаваў Пуціна пра сітуацыю на БелАЭС
Атрыманне ліцэнзіі дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд), неабходнай для фізічнага пуску першага энергаблока Беларускай АЭС, чакаецца ў ліпені. Пра гэта генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі „Расатам” Аляксей Ліхачоў паведаміў 17 чэрвеня на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Стэнаграма іх размовы апублікаваная на сайце Крамля.
„Самы наш флагманскі праект — гэта беларуская станцыя. Таксама завершаныя будаўнічыя работы, чакаем цяпер праверку Дзяржатамнагляду, беларускага рэгулятара, атрыманне ліцэнзіі на фізпуск чакаем у ліпені”, — сказаў Ліхачоў.
Кансультант Дзяржатамнагляду Алег Собалеў 8 чэрвеня паведамляў БелаПАН, што па лініі рэгулюючага органа яшчэ „не завершаная экспертыза бяспекі і ацэнка адпаведнасці” першага энергаблока БелАЭС.
Акрамя таго, сказаў ён, перад выдачай ліцэнзіі на эксплуатацыю ядзернага энергетычнага аб’екта будуць праведзены грамадскія слуханні. Аднак па даце і фармаце правядзення грамадскіх слуханняў „пакуль яшчэ няма яснасці”.
Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт•гадз электраэнергіі штогод.
6 мая на будаўнічую пляцоўку БелАЭС прыбыў састаў са свежым ядзерным палівам для першага энергаблока станцыі. Праверку якасці грузу завяршылі 25 траўня, цяпер цеплавыдзяляльныя зборкі знаходзяцца ў сховішчы свежага ядзернага паліва.
Фізічны пуск першага энергаблока станцыі намечаны на ліпень 2020 года, энергію ён пачне даваць у верасні-кастрычніку. Другі энергаблок плануецца ўвесці ў 2021 годзе.