Генпракуратура хоча ўвесці публікацыю дэкларацый пра даходы чыноўнікаў
У якасці меры па далейшым змаганні з карупцыяй Генеральная пракуратура прапаноўвае ўвесці абавязковую публікацыю дэкларацый аб даходах чыноўнікаў, паведаміў журналістам 23 мая ў Палаце прадстаўнікоў генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк.
„Мы выступаем за публікацыю дэкларацый. Я не ведаю, як гэта прыме прэзідэнт. Дарэчы, прэзідэнт казаў, што людзі павінны ведаць пра чыноўнікаў, што ў іх ёсць, за кошт чаго яны жывуць, якія ў іх будынкі, машыны. Мы пакуль толькі гаворым пра тое, што ў нас ёсць такая ініцыятыва. Будзем прапаноўваць законапраект”, — сказаў Канюк.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра чыноўнікаў усіх узроўняў, ад супрацоўніка мясцовага выканкама да міністра, у тым ліку якія знаходзяцца ў кадравым рэестры кіраўніка дзяржавы. „І міліцыя, і пракуратура, і суды. Я ж кожны год падаю дэкларацыю аб даходах”, — дадаў Канюк.
Генпракуратура таксама прапаноўвае пры прыёме на працу правяраць прэтэндэнтаў на дэтэктары хлусні. „Навацыяй гэта не з’яўляецца. Міліцыя, напрыклад, правярае на паліграфе сваіх супрацоўнікаў, але гэта не з’яўляецца і абсалютнай панацэяй”, — сказаў Канюк.
Ён падкрэсліў, што дэкрэт прэзідэнта № 3 „Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй” ад 10 мая выключае магчымасць умоўна-датэрміновага вызвалення для асуджаных па карупцыйных артыкулах, „павышаючы планку” прыняцця рашэнняў аб іх вызваленні — толькі праз памілаванне прэзідэнтам. „Мы рухаемся крок за крокам, новы дэкрэт — гэта не спантанная рэакцыя, гэта чарговы крок ва ўдасканаленні заканадаўства, — лічыць генеральны пракурор. — Пры памілаванні выкарыстоўваецца індывідуальны падыход. Да мяне паступаюць заявы, з імі знаёмяцца ў МУС, і КДБ падключаюць, калі трэба, перш чым яны будуць разгледжаны камісіяй па памілаванні”.
„Каля дзвюх тысяч карупцыйных злачынстваў у год — гэта не так шмат у дачыненні да той агульнай масы злачынстваў, якая ёсць у краіне, — да 150 тысяч. Мы ў стане карупцыйныя злачынствы адсачыць і прыняць рашэнні”, — заявіў Канюк.
Дэкрэт № 3 набыў моц 11 мая. Згодна з дакументам „не падлягаюць прадстаўленню да ўмоўна-датэрміновага вызвалення або замены неадбытай часткi пакарання больш мяккiм пакараннем асобы, асуджаныя за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў”.
Выступаючы 19 красавіка з пасланнем народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка назваў карупцыю „ганебнай з’явай” і папярэдзіў, што ў выпадку здзяйснення карупцыйных злачынстваў „даравання не будзе нікому”.