Георгій Лепін: Пытанне АЭС даўно палітызавана



Прафесар, удзельнік работ па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі Георгій Лепін распавядае пра тое, хто палітызуе будаўніцтва БелАЭС.

Георгій Лепін: У гадавіну Чарнобыля нельга не сказаць пра атамную электрастанцыю, якая зараз будуецца ў Беларусі. Нашы кіраўнікі заяўляюць, што пытанне будаўніцтва некаторыя палітызуюць. Прабачце, але гэта пытанне ўжо даўно палітызавана. Калі ў Літве працавала Ігналінская АЭС, Расея мела рычагі ўздзеяння на прыбалтаў за кошт гэтай станцыі. Калі “Ігналінку” закрылі, гэтыя рычагі згубілі, і іх трэба было хутчэй аднавіць. Таму Расея прыняла рашэнне будаваць дзве атамныя станцыі: адну ў Калінінградскай вобласці, а другую – у Беларусі. Станцыі павінны былі быць абсалютна аднолькавымі. І тут прыбалты заявілі, што не будуць купляць электраэнергію з новых АЭС. І не проста не будуць, а нават не змогуць, бо Літва, Латвія і Эстонія – сябры Еўразвязу. Яны ўключаны ў агульную еўрапейскую сістэму энергазабеспячэння. У Еўропе і Беларусі розныя энергасеткі, розныя ваганні частот і гэдак далей. Можна, натуральна, пры вялікім жаданні “адаптаваць” беларускую альбо расейскую электраэнергію пад еўрапейскія стандарты, але гэта вельмі складаная праца, якая, да таго ж, патрабуе дадатковых выдаткаў. А таму, калі Расея даведалася, што ў краінах Балтыі не будуць купляць іх электраэнергію, яна спыніла будаўніцтва Калінінградскай АЭС. А ў Беларусі зрабілі выгляд, што нічога не адбылося.

РР: Але ж улады спадзяюцца, напэўна, на пэўны эканамічны эфект?

Георгій Лепін: У свой час Беларусь купляла ў Літве электрэнергію па 2,5 цэнты за кВтч. І гэта было на самай справе вельмі танна. Магчыма, і зараз беларускія кіраўнікі думаюць, што беларуская электраэнергія будзе такая ж танная, як на “Ігналінцы”. Але гэта – самападман. Калі Ігналінская АЭС перайшла ва ўласнасць Літвы, яна ім абыйшлася па сутнасці бясплатна. Літоўцы карысталіся станцыяй, і выдаткі былі толькі на персанал і паліва. Вось і прадавалі Беларусі электраэнергію танна. Акрамя таго, станцыя не працавала на малой магутнасці, а таму электраэнергію Беларусі маглі даваць нават бясплатна, каб толькі загрузіць АЭС. Але ў выпадку з Беларускай АЭС зусім іншая сітуацыя. І ўлады павінны гэта разумець.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя