Германія дамовілася пра пастаўкі газу з ААЭ
Германія падпісала пагадненне аб пастаўках звадкаванага прыроднага газу з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, што дапаможа замяніць страчаныя пастаўкі расейскага газу. Пра гэта піша «Еўрапейская праўда» са спасылкай на Spiegel.
Пагадненне падпісала нямецкая кампанія RWE падчас візіту канцлера Олафа Шольца ў краіну, першы закантрактаваны абʼём складае 137 тысяч кубаметраў. Газ прывязуць танкерам у снежні ў новы тэрмінал у горадзе Брунсбютэль на поўначы ФРГ.
Новыя дамоўленасці па энергарэсурсах — ключавая мэта паездкі Шольца на Блізкі Усход. Далей канцлер адправіцца ў Саудаўскую Аравію і Катар. У апошняга — трэція найбуйнейшыя газавыя рэзервы ў свеце, аднак падпісанне пагадненняў пакуль не чакаецца. У Берліне заявілі, што Катар займае цвёрдую пазіцыю адносна коштаў і тэрмінаў дзеяння магчымых кантрактаў.