Гітанас Наўседа: Літва не прымірыцца з пагрозамі ад небяспечнай БелАЭС



У Беларусі „не пачулі заклік не ставіць у небяспеку грамадзян Еўрапейскага звязу і прыпыніць запуск Астравецкай АЭС”. Такім чынам прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 3 лістапада адрэагаваў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” на энергетычны пуск Беларускай АЭС.

„У Літве пачынае дзейнічаць закон аб абароне ад небяспечных атамных электрастанцый, — адзначыў кіраўнік літоўскай дзяржавы. — На рынку Літвы няма месца электраэнергіі, што вырабляецца на небяспечных атамных станцыях. Літоўскі сістэмны аператар Litgrid сёння прыпыніў гандаль электраэнергіяй з Беларуссю па літоўскіх і беларускіх лініях электраперадачы. Літва не прымірылася і не прымірыцца з пагрозамі, якія зыходзяць ад небяспечнай Астравецкай АЭС”.

„Я зноў заклікаю ўсіх працаваць разам, каб небяспечная электраэнергія, якая вырабляецца атамнымі электрастанцыямі ў трэціх краінах, не паступала не толькі на літоўскі рынак, але і на рынак ЕЗ, а таксама паскорыць [праект] сінхранізацыі з кантынентальнай Еўропай, пасля чаго, як было дамоўлена, не працягваць гандаль электраэнергіяй з трэцімі краінамі”, — напісаў Наўседа.

3 лістапада прэс-служба Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла, што „ў 12.03 турбагенератар першага энергаблока Беларускай АЭС уключаны ў аб’яднаную энергасістэму краіны”, блок пачаў выпрацоўку электрычнасці.

Генеральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі „Расатам” Аляксей Ліхачоў назваў паступленне „першых „атамных” кілават-гадзін” электраэнергіі ў энергасістэму краіны „гістарычнай падзеяй, якая сведчыць пачатак атамнай эры” для Беларусі. „Гэта стала магчымым дзякуючы працяглай і плённай працы вялікай каманды беларускіх і расейскіх спецыялістаў, — цытуе Ліхачова прэс-служба „Расатама”. — Несумненна, да ўводу блока ў прамысловую эксплуатацыю патрэбна зрабіць яшчэ шмат працы, але ўжо сёння можна казаць аб поспеху праекта Беларускай АЭС, першай атамнай станцыі пакалення III+, збудаванай паводле расейскіх тэхналогій за межамі Расеі”.

У сваю чаргу літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid заблакаваў пастаўкі электрычнасці з Беларусі ў сувязі з энергетычным пускам БелАЭС.

Аператар распаўсюдзіў паведамленне аб тым, што „ў цэнтры кіравання сістэмамі кампаніі Litgrid 3 лістапада ў 11.06 былі зафіксаваныя звесткі, якія паказалі, што БелАЭС выпрацоўвае электраэнергію, таму з 11.38 была ўсталяваная нулявая праходнасць для камерцыйнага патоку электраэнергіі з Беларусі”.

Варта адзначыць, што згодна з графікам змены сістэмных даных на сайце Litgrid ужо ў 22.00 2 лістапада выдзеленая магутнасць сеткі перадачы электраэнергіі па кірунку з Беларусі ў Літву была зніжаная да 0 МВт.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гарадзенская вобласць), што непадалёк ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекта ВВЭР-1200. Генеральным праектыроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.

У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блока атамнай станцыі загрузілі 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. З гэтага пачаўся фізічны пуск БелАЭС.

11 кастрычніка рэактар вывелі на мінімальны кантраляваны ўзровень магутнасці — менш за 1% ад намінальнай.

23 кастрычніка адміністрацыя БелАЭС і кіраўніцтва „АСЭ” атрымалі дазвол МНС Беларусі на выкананне работ па этапнай праграме энергетычнага пуску першага энергаблока. Праграма прадугледжвае паступовае павышэнне магутнасці да 50% ад намінальнай, уключэнне блока ў энергасістэму краіны і правядзенне дынамічных выпрабаванняў пры 50-працэнтнай магутнасці рэактарнай устаноўкі.

Завяршыць гэтыя работы плануецца ў пачатку снежня, пасля чаго пачнецца этап доследна-прамысловай эксплуатацыі блока.

Увесці блок у прамысловую эксплуатацыю, пры якой ён будзе працаваць на 100% магутнасці, плануецца ў першым квартале 2021 года. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.

Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі Беларусі, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блокі станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.

БелаПАН