„Гомельдрэў” працуе ў абмежаваным рэжыме
Самае буйное ў краіне дрэваапрацоўчае прадпрыемства „Гомельдрэў” на мінулым тыдні працавала ў абмежаваным рэжыме. Задзейнічаныя былі толькі асобныя вытворчыя ўчасткі і службы забеспячэння.
Як стала вядома, усіх астатніх рабочых яшчэ другока сакавіка адправілі ў прымусовы адпачынак.
Гаворыць рабочы прадпрыемства, які назваўся Яўгенам:
– Працуем, як можам, вымушаны прастой атрымліваецца. Сёння я на дзве трэціх стаўкі. Гомельдрэў у такім становішчы. Адстаем – вось і попыту няма.
Некаторыя дрэваапрацоўшчыкі здзіўляюцца, што прадпрыемства атрымала вялікія крэдыты пад рэканструкцыю і цяпер прастойвае:
– Атрымліваецца, што ўклалі такія вялікія сродкі, а аддачы няма. Не да канца прадуманая мадэрніцзацыя, укласці мільёны даляраў, а пасля спыніцца… Грошы з неба не падаюць. З улікам крызісу ў Расеі, гэта ўсё будзе яшчэ пагаршацца.
Прадпрыемства арыентавалася найперш на беларускі і расейскі рынкі. Мэбля з масіву адпраўлялася і ў некаторыя іншыя краіны.
Аднак сітуацыя на найважнейшых рынках змянілася – і прадпрыемства з яго нятаннай мэбляй трапіла ў складанае становішча.
Адзін з кіраўнікоў „Гомельдрэва” так каментуе прычыну абмежавання вытворчасці:
– Як быццам на ўсіх прадпрыемствах “жыруюць”, а мы адны такія “кепскія”. Ва ўсіх прадпрыемствах свае цяжкасці.
Некаторыя рабочыя выказалі меркаванне, што прычына сітуацыі – у слабым збыце прадукцыі і немагчымасці прадпрыемства разлічыцца за энерганосбіты. Заробкі рабочых цяпер складаюць крыху больш за два мільёну, напалову менш, чым раней. Аванс – 150 тысяч рублёў.