Гомельскі «Аблгандальсаюз» закрывае свае крамы
У Гомелі спыняе працу адна з найбуйнейшых гандлёвых сетак, якая працавала пад шыльдай „Аблгандальсаюз”. Крамы і гандлёвыя павільёны, якія адносяцца да гэтай структуры, закрываюцца. Памяшканні і залі былога гандлёвага гіганта перадаюцца ў арэнду. Эксперт аналітычнай супольнасці „Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч заўважае, што заняпад гандлёвых сетак з дзяржаўнай формай уласнасці – гэта сімптом пераменаў на рынку.
– І вось той прыклад – закрыццё крамаў „Аблгандальсаюза”, фактычна дзяржаўнай арганізацыі, апошняй буйной дзяржаўнай арганізацыі ў Гомелі, якая валодала і цяпер валодае разгалінаванай сеткай, – гэта, у прынцыпе, лагічныя крокі паступовага пераходу дзяржаўнага гандлю, яго растварэння на рынку розніцы. Калі паглядзець статыстыку, то зараз доля дзяржаўнага гандлю складае менш за 10%.
Да гомельскага „Аблгандальсаюза” адносяцца больш за 46 крамаў, прадпрыемствы грамадскага харчавання і склады плошчай звыш 26 тыс. кв. метраў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота newsgomel.by