“Гомсельмаш” плануе адправіць буйную партыю тэхнікі ў Афрыку
Беларускі вытворца камбайнаў і сельскагаспадарчых машын у хуткім часе збіраецца ажыццявіць значныя пастаўкі партнёрам у Афрыцы, піша myfin.by.
“Гомсельмаш” збіраецца паставіць некалькі дзясяткаў адзінак тэхнікі ў афрыканскі рэгіён, заявіў гендырэктар прадпрыемства Аляксандр Новікаў. Паводле яго слоў, у Афрыцы ўжо працуе 80 адзінак беларускай тэхнікі – у асноўным у Зімбабвэ і Кеніі. Дзякуючы дасягнутым у выніку перагавораў дамоўленасцям, яшчэ да 80 сельгасмашын будзе накіравана пакупнікам на кантыненце бліжэйшым часам. Новікаў таксама адзначыў, што ў рэгіёне з’явіўся цэнтр беларускай тэхнікі, які займаецца суправаджэннем і абслугоўваннем машын і абсталявання айчыннай вытворчасці.
Беларусь даўно ажыццяўляе пастаўкі ў Афрыку тэхнікі, абсталявання і камплектуючых: сваю прадукцыю ў краіны кантынента экспартуюць МАЗ, МТЗ, БелАЗ, “Белшына”, “Гомсельмаш” і іншыя айчынныя прадпрыемствы.
У Беларусі рэзка вырас аб’ём аперацый па абмене валюты
Беларусы сталі ўсё часцей прыходзіць у абменнікі – выраслі аб’ёмы як пакупкі, так і продажу валюты, хаця прадаюць традыцыйна больш. Суб’екты гаспадарання таксама актывізаваліся ў абменных аперацыях, але пераважна працягваюць купляць валюту.
У жніўні жыхары краіны ўсё яшчэ заставаліся чыстымі прадаўцамі замежнай валюты: за месяц беларусы набылі амаль 850 мільёнаў даляраў, а прадалі – 893 мільёны. Розніца – каля 44 мільёнаў даляраў. Пры гэтым, калі параўнаць з ліпенем, то агулам валютна-абменных аперацыі было праведзена на восем працэнтаў больш.
У знешнім гандлі нарастае праблема, з якой гадамі змагаюцца чыноўнікі
У Беларусі працягвае нарастаць праблема ў знешнім гандлі. Так, за ліпень яшчэ больш вырасла разбежка паміж імпартам і экспартам тавараў і паслуг — у бок першага паказчыка. Гэта вынікае са звестак Белстата, заўважае news.zerkalo.io.
Паводле статыстыкі, у студзені-ліпені знешнегандлёвы абарот тавараў Беларусі склаў 47 млрд 43,5 млн даляраў. Пры гэтым экспарт склаў 22 млрд 452,7 млн даляраў, а імпарт — 2 млрд 138,1 млн даляраў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знешнегандлёвы абарот вырас на 16,2% у бягучых цэнах. Пры гэтым Беларусь усё больш збліжаецца з Расеяй па знешнім гандлі.
Чыноўнікі не першы год змагаюцца з імпартам, каб павялічыць попыт на тавары і прадукты айчыннай вытворчасці.
Расейцы прывялі да крызісу на рынку нерухомасці ў Партугаліі
У Партугаліі назіраецца сур’ёзны кватэрны крызіс, паведамляе Gazeta Wyborcza. Урад у Лісабоне выдае так званыя “залатыя візы” багатым іншаземцам узамен за інвеставанне ў партугальскую эканоміку мініму на 500 тысяч еўра. У часы эпідэміі каронавіруса партугальскі ўрад такім чынам хацеў ратаваць эканоміку краіны, але аказалася, што гэта стала прычынай сур’ёзнага крызісу на рынку жылля.
Мінімальны заробак у Партугаліі складае 760 еўра, а сярэдні кошт арэнды жылля – 800 еўра. Як бачна, нямногія партугальцы ў стане зняць кватэру. За крызіс у вялікай ступені адказныя багатыя расейцы, якія пачалі актыўна набываць нерухомасць у гэтай краіне. Таксама да крызісу на рынку нерухомасці ў Партугаліі таксама прычыніліся багатыя кітайцы, амерыканцы і бразільцы.
Беларускае Радыё Рацыя