Грамадзян хочуць абавязаць паведамляць пра рахункі ў замежных банках
Улады Беларусі хочуць абавязаць грамадзян паведамляць аб адкрыцці рахункаў у замежных банках. Раней гэта былі абавязаныя рабіць толькі арганізацыі.
На Нацыянальным прававым партале апублікавалі праект змен у Падатковы кодэкс Беларусі. Змяненне можа закрануць фізічных асоб – рэзідэнтаў Беларусі. Нерэзідэнты ня будуць абавязаныя паведамляць аб аперацыях, “калі атрыманыя з выкарыстаннем такога рахунку даходы не з’яўляюцца аб’ектам падаткаабкладання ў Рэспубліцы Беларусь”. Падатковым рэзідэнтам лічыцца асоба, якая стала жыве ў краіне як мінімум 183 дні на год.
Раней улады Беларусі абавязалі сваіх грамадзян паведамляць аб дазволах на жыхарства і іншых дакументах замежных краін, якімі яны валодаюць.
Менск увайшоў у топ-3 папулярных у расейцаў напрамкаў адпачынку
Сталіца Беларусі – сярод самых папулярных у расейцаў напрамкаў падчас восеньскіх адпачынкаў. Часцей за ўсё расейцы з дзецьмі браніруюць на восеньскія вакацыі гатэлі ў Санкт-Пецярбургу і Маскве, калі ж казаць пра замежжа – то ў Стамбуле, Дубаі і Менску, паведамляе ТАСС.
Раней паведамлялася, што расейцы актыўна браніруюць для адпачынку на Новы год гасцініцы ў Беларусі і Тайландзе. У пяцёрку лідзіруючых напрамкаў для зімняга адпачынку ўваходзяць таксама Турцыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ды Італія. Калі казаць пра беларускі напрамак, то расейцы найбольш едуць у Берасце, Гародню і Менск.
У Еўропе чакаюць росту цэн на піва. У чым прычына?
У гэтым годзе з-за спякоты і засухі еўрапейскія вытворцы хмелю страцяць каля чвэрці ўраджаю. Гэта прывядзе да падаражання піва ўжо ў найбліжэйшай перспектыве. Прычым з-за змены клімату ў Еўропе вытворчасць хмелю будзе падаць і надалей, піша Office Life.
У бягучым годзе ўраджай хмелю ў Еўропе на 10-15% ніжэйшы за сярэднегадавую норму. Але вучоныя лічаць, што да 2025 года многія еўрапейскія краіны страцяць ад 12 да 35% ураджаю. Асабліва значныя страты ўраджайнасці праз павышэнне сярэдняй тэмпературы і зніжэнне даступнасці вады назіраюцца ў Славеніі, Партугаліі, Іспаніі, Чэхіі, Германіі і Польшчы. На думку спецыялістаў, каб захаваць аб’ёмы вытворчасці піва, Еўропе трэба павялічыць пасяўныя плошчы хмелю прыкладна на 20 працэнтаў. Дарэчы, у Беларусі за 2022 год цэны на піва падняліся на 9%.
Беларускае Радыё Рацыя