Грант Еўразвяза на карысць мясцовага эканамічнага развіцця
Грант у памеры каля 600 тысяч даляраў прапануе Еўразвяз на рэалізацыю планаў мясцовага эканамічнага развіцця. У конкурсе на атрыманне гранта будуць удзельнічаць чатыры раёны Віцебскай вобласці: Полацкі, Шаркоўшчынскі, Ушацкі і Мёрскі. Яны далучыліся да еўрапейскай ініцыятывы “Мэры за эканамічнае развіццё” пры падтрымцы фонду “Інтэракцыя” і падпісалі неабходныя дэкларацыі.
Паводле дырэктара фонду “Інтэракцыя” Івана Шчадранка, малым гарадам і раёнам складана канкураваць з буйнымі абласнымі цэнтрамі ў барацьбе за прыцягненне інвестыцый, стварэнне новых працоўных месцаў і развіццё бізнесу. Таму дадзеная ініцыятыва дазволіць уладам і бізнесу працаваць над гэтымі пытаннямі больш эфектыўна, атрымліваць фінансавую і кансультацыйную падтрымку.
– Ініцыятывы Еўрапейскага звязу, якія рэалізуюцца ў Беларусі, яны арыентаваныя на тое, каб падтрымліваць рэгіёны, у якіх існуюць якія-небудзь праблемы з эканамічным развіццём. Вось Шаркоўшчына, Мёры, Ушачы і Полацак, калі мы іх параўноўваем, то можа падавацца, што гэта ў эканамічным сэнсе і па ўзроўню развіцця зусім розныя раёны. Але калі глядзець з эканамічнага боку, то яны могуць кааперавацца разам і рабіць такія сувязі паміж прадпрыемствамі, якія дапамагалі б ім разам расці.
Удзельнікі ініцыятывы павінны ў першы год скласці план развіцця свайго рэгіёну, скіраваны на эканамічны рост, развіццё і працаўладкаванне, уцягванне прыватнага бізнесу. Фонд „Інтэракцыя” будзе аказваць інфармацыйную падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі планаў мясцовага эканамічнага развіцця: экспертную ацэнку, прасоўванне інвестыцыйных праектаў, правядзенне навучальных семінараў па вядзенні бізнесу.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі