Даходы беларусаў падаюць
Грашовыя даходы насельніцтва Беларусі паказалі самае вялікае падзенне са студзеня 2015 года. Гэта вынікае з даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Фота tut.by
Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені-траўні 2016 года ў параўнанні са студзенем-маем 2015 года знізіліся на 7%.
Даходы насельніцтва падаюць з пачатку 2015 года: у студзені – на 1,4% у параўнанні з такім жа перыядам 2014 года, у студзені-лютым – на 2,3%, студзені-сакавіку – на 4%, студзені-красавіку – на 4,1%, студзені-маі – на 4,7%, студзені-чэрвені – на 5,3%, студзені-ліпені – на 5,4%, студзені-жніўні — на 5,5%, студзені-верасні і студзені-кастрычніку – на 5,6%, студзені-лістападзе – на 5,5%, у студзені-снежні – на 5,9%. У студзені 2016 года зніжэнне склала 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені-лютым – 6,4%, студзені-сакавіку – на 6,5%, студзені-красавіку – на 6,8%.
На думку экспертаў, рост даходаў насельніцтва ў 2016-2020 гадах будзе вельмі сціплым. „У гэтай пяцігодцы можна разлічваць на вельмі сціплы рост даходаў насельніцтва пры адсутнасці эканамічных рэформ. І нават калі яны адбудуцца, эфект мы адчуем няхутка, так што і ў гэтым выпадку прарываў у частцы павелічэння даходаў насельніцтва ў 2016-2020 гадах чакаць не варта”, – лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
„У 2016-2020 гадах мяркуецца, што эканоміка будзе расці на лічаныя працэнты. Ніякіх рэсурсаў, каб павышаць даходы насельніцтва больш хуткімі тэмпамі, у дзяржавы сёння (ва ўмовах значных выплат па ўнутраных і знешніх даўгах) няма”, – мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Між тым Мінэканомікі чакала, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2016 года знізіліся на 1,5% да адпаведнага перыяду 2015 года, а ў першым паўгоддзі будуць на леташнім узроўні. Пры гэтым па выніках дзевяці месяцаў вырастуць на 0,1%, па выніках 2016 года года вырастуць на 0,5%.